З рапарту апэратыўнага агента 0375 (ліцэнзія на арышт за лаянку) у Камітэт Дэ Бэ:

25 жніўня, выконваючы заданьне, інтэгрыраваўся ў натоўп на Бангалоры. Каб увайсьці ў кантакт з дэструктыўнымі элемэнтамі, у адпаведнасьці з інструкцыямі, гучна енчыў: «Падымі мяне па-над зямлёю» і «Пятроўна, падай вады!». У выніку пазнаёміўся з падазронымі асобамі, якія нешта казалі пра сотую гадавіну нейкай «Нашай Нівы». Паколькі інструкцыяў арыштоўваць апазыцыянэраў за калекцыянаваньне старых аўтамабільных марак, прынамсі «Нівы», не было, нікога не павінціў. Прашу на будучыню інфармаваць, ці падпадае гэтая практыка пад артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу.

Агент 0375

З паведамленьня кіраўніцтва Камітэту Дэ Бэ ў адміністрацыю кіраваньня прэзыдэнтам:

Інфармуем, што нацыяналістычнымі коламі плянуеца шырокае сьвяткаваньне стогадовага юбілею газэты «Наша Ніва», якое будзе мець шырокі рэзананс у грамадзтве. Прапануем прэвэнтыўна арыштаваць калектыў рэдакцыі на той падставе, што ў рамках сьвяткаваньня адмарозкі плянуюць распаўсюдзіць наклад газэты, старонкі якога будуць прамочаныя ядам курарэ (трохлітровы слоік з атрутай падкінем на рэдакцыйную кухню). Акрамя таго, у дзень юбілею журналісты плянуюць захапіць вакзал, пошту і тэлеграф, а таксама узарваць дзьве школы з расейскамоўным навучаньнем.

Старшыня Камітэту Дэ Бэ

Выпіс з пратаколу паседжаньня ідэалягічнага дэпартамэнту адміністрацыі:

Слухалі тэму «Стагодзьдзе «Нашай Нівы». Тав.А інфармаваў аб тым, якую пагрозу нясе правакацыя нашаніўцаў. Тав.Б прапанаваў забараніць «Нашу Ніву» і адначасова зарэгістраваць паралельнае выданьне з той самай назвай. Такім чынам, усе ляўры гісторыі «НН» перападуць дзяржаве.

Тав.В, спасылаючыся на брак часу, прапанаваў пусьціць вутку, што законным нашчадкам «НН» ёсьць адно зь існых цяпер афіцыйных выданьняў. Ён аргумэнтваў прапанову наступнымі словамі: «Калі мы ўсе тут згодныя з тым, што Скарына жыў у Піцеры, то давесьці тое, што «Фізкультурнік Беларусі» пачаў выдавацца ў 1906 г., будзе раз плюнуць. Сход падтрымаў прапанову тав.С.

Кіраўніку дзяржавы прапанаваны сьпіс выданьняў, якія могуць выканаць функцыю «сапраўднага нашчадка «НН». Сьпіс газэтаў дадаецца: «Переходный возраст», «Союз» – дадатак да «СБ», «Планета», «Трактарабудаўнік».

З рэзалюцыі кіраўніка:

Загадваю шырока адсьвяткаваць стагодзьдзе «НН», якая сёньня выходзіць пад назвай дадатак да «Саўбелкі» «Союз». Прызначыць навуковую камісію з старшынём – акадэмікам К.

Зь дзёньніка Аліны К.:

Дарагі дзёньнік, сёньня тата прыйшоў дахаты нейкі дзіўны. Увесь вечар піў і крычэў, што яны там на Маркса канчаткова зьехалі з глузду. І што калі так пойдзе далей, то яго прымусяць пісаць паэму Быкава. Потым пазваў мяне, каб я напісала пад дыктоўку дзіўны тэкст.

Зь перадавіцы газэты «Советская Белоруссия»:

Незвычайнае адкрыцьцё зроблена маладымі архівістамі ў доме, дзе, як высьветлілася, калісьці спыняўся адзін з заснавальнікаў «Нашай Нівы» Антон Луцкевіч. Як сьведчыць ліст, нечакана знойдзены ў антрысолях, насамрэч сапраўдная назва славутай «Нашай Нівы» – «Союз» – дататак да «Беларусь Сегодня».

У сваім лісьце да Вацлава Ластоўскага Луцкевіч піша: «Дарагі сябра, як ты ведаеш, мы актыўна працуем над першай беларускай газэтай. На сходзе рэдакцыі ўсе адзінадушна падтрымалі ідэю, што газэта мусіць насіць назву «Союз» – дадатак да газэты «Советская Белоруссия», а сябе, то бок выдаўцоў, называць Саветам міністраў Саюзнай дзяржавы. Аднак у апошні момант дзеля кансьпірацыі вырашылі часова называцца «Наша Ніва».

Разнарадка менскім адзелам БРСМ:

Усім раённым кіраўнікам забясьпечыць яўку як мінімум па 5 асобаў ад клясы ці групы на сьвяткаваньне стагодзьдзя «Нашай Нівы». Збор – Кастрычніцкая плошча. Агітпрадукцыя – транспаранты з тэкстам «Слава братам Луцкевічам», «Союзу» жыць у вяках!» – выдаць пад расьпіску. Тых, хто прасачкуе, абавязаць падпісацца на два камплекты газэты «Наша Ніва – Советская Белоруссия».

Старшыня менскай арганізацыі БРСМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0