Назва пакуль невядомая. Галоўную ролю выканае Леанарда ды Капрыо.

Заява Мэла Гібсана пра завяршэнне кар’еры ў кіно стала сенсацыяй. Цяпер актор і рэжысёр працуе над фільмам пра вікінгаў, які ён марыў зняць з юнацкіх гадоў, аднак не выключана, што гэтая карціна стане яго апошняй працай.

Назва фільма пакуль застаецца невядомай. Галоўную ролю выканае Леанарда ды Капрыо. Сцэнаром займаецца Уільям Монахан, з якім ды Капрыо супрацоўнічаў падчас працы над «Адступнікам». Здымкі пачнуцца ўвосень 2010 года.

«Я марыў аб такім праекце з падлеткавага ўзросту і думаю, што гэта будзе апошняя карціна, пастаноўкай якой я займуся. Калі яна будзе скончаная, я адчую, што рэалізаваў усе задумы», — лічыць Гібсан.

Ён не можа ўзгадаць ніводнага сапраўды ўдалага фільма пра вікінгаў. «У гісторыі кіно не было добрага фільма пра гэтую эпоху, ва ўсялякім выпадку, я такога не бачыў. Але думаю, што мы рухаемся ў правільным кірунку і прыдумалі цікавы сюжэт. Складаней за ўсё зрабіць гэтых хлопцаў сімпатычнымі, таму што насамрэч яны былі сапраўднымі монстрамі», — адзначыў рэжысёр.

У фільме частка герояў будзе размаўляць на старажытнаскандынаўскай мове. «Мы пастараемся паказаць гледачам усё, што адбывалася ў той час, з максімальна магчымай дэталізацыяй».

Гібсан дасягнуў вышыняў у амерыканскай кінаіндустрыі. У пачатку 90-х гадоў ён заснаваў уласную кінакампанію ICON Production, вырашыўшы паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёра. Першым фільмам Гібсана стаў «Чалавек без твару». Аднак поспех у рэжысёрскай кар’еры яму прынёс другі фільм — эпічная драма «Адважнае сэрца». Фільм быў намінаваны на «Оскар» у дзесяці намінацыях і выйграў у пяці.

У 2004 годзе Гібсан зняў фільм «Пакуты Хрыстовы», якія заслужылі высокую ацэнку Папы Яна Паўла II. Нягледзячы на негатыўныя водгукі многіх крытыкаў, фільм меў вялікі поспех у пракаце.

Апошні на сённяшні дзень фільм Мэла Гібсана — «Апакаліпсіс» (выйшаў у 2006 годзе) — гістарычны эпас пра гібель цывілізацыі майя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?