Блогер Яўген Ліпковіч заявіў аб выхадзе з кампаніі па выбарах у дэпутаты Мінгарсавета.

Ліпковіч збіраў подпісы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты па Валгаградскай выбарчай акрузе №54. Паводле яго слоў, кампанія была эксперыментам. Блогер збіраўся праверыць ступень уплыву на краіну інтэрнета, які з 1 ліпеня будзе больш жорстка рэгулявацца дзяржавай у адпаведнасці з указам прэзідэнта № 60.

Ліпковіч адзначыў, што відэаінтэрв'ю з заявай аб намеры балатавацца «за адзін дзень дало 17 тыс закачак». Ініцыятыўная група колькасцю 10 чалавек была цалкам сфармавана праз інтэрнет.

Аднак толькі тры з 153 сабраных подпісаў, якія не выклікалі сумнення, былі атрыманы з дапамогай сусветнай сеткі. «Гэта нават не статыстычная пагрэшнасць, — адзначыў Ліпковіч. — Інтэрнет і сацыяльныя сеткі ў нашай краіне не карыстаюцца ніякім уплывам, што і патрабавалася даказаць. Тыя, хто рыхтаваў указ № 60 аб рэгуляванні байнета, — сапраўдныя параноікі, якія баяцца ўласнага ценю».

Паводле слоў Ліпковіча, у яго няма палітычных амбіцый, а духоўна ён належыць да пакалення, «якое гаварыла, што лепш лезці ў гразь, чым у палітыку». У гэтай сувязі блогер вырашыў не здаваць сабраныя подпісы.

Падчас кампаніі Ліпковіч заяўляў аб неабходнасці захавання сталічнага Севастопальскага парка. Паводле яго меркавання, за яго лёс можна не трывожыцца. У прыватнасці, «з'явіліся рэальныя, а не намінальныя ўласнікі будаўнічай кампаніі, якая прэтэндуе на забудову парка». Пытаннем захавання парка будуць займацца іншыя кандыдаты па гэтай акрузе, лічыць Ліпковіч.

Сваю кампанію прэтэндэнт, паводле яго слоў, праводзіў за кошт уласных сродкаў. Расходы склалі 191 тыс. рублёў.

Ліпковіч адзначыў, што ўціску з боку ўлад не адчуваў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?