Нацыянальная авіякампанія «Белавія» з 28 сакавіка пачне выкананне палётаў па летнім раскладзе.

Расклад будзе дзейнічаць да 30 кастрычніка. «Яркай асаблівасцю гэтага сезону стануць новыя прапановы па напрамках і аптымальныя стыкоўкі з магчымасцю розных камбінацый палётаў пры ўдзеле нашых партнёраў — галоўных еўрапейскіх авіякампаній», — расказалі ў «Белавіі». Будуць выкарыстоўвацца як уласныя рэйсы «Белавіі», так і рэйсы партнёраў па ўсёй сетцы маршрутаў.

У новы летні сезон прапануюцца і новыя прывабныя тарыфы, у прыватнасці кошт пералёту Мінск — Сочы — Мінск, эквівалентны кошту падарожжа наземным транспартам, а тарыф па маршруце Мінск — Калінінград — Мінск складае ўсяго 70 еўра, і пры гэтым няма неабходнасці афармлення транзітнай візы. Акрамя таго, наведаць Юрмалу можна і на самалёце, даляцеўшы да Рыгі па тарыфе ад 78 еўра.

Прадаўжаючы пашыраць геаграфію палётаў, «Белавія» адкрывае новы просты рэйс Мінск — Екацярынбург. Пачынаючы з 31 мая палёты па гэтым маршруце будуць выконвацца ў панядзелкі і чацвяргі на камфартабельным Боінгу-737/500 з абслугоўваннем у бізнэс- і эканом-класах. Дзякуючы зручнаму раскладу палётаў магчымае падарожжа рэйсамі «Белавіі» транзітам праз Мінск з Екацярыбурга ў Еўропу і назад.

На папулярным напрамку ў Маскву будзе павялічаная частата палётаў: да пяці штодзённых рэйсаў у Шарамецеве і Дамадзедаве з 15 красавіка дадасца яшчэ адзін — у аэрапорт Унукава.

У летнія месяцы «Белавія» таксама пачне выкананне рэйсаў, якія злучаюць гарады Казахстана (Астана, Паўладар, Кастанай) з гарадамі Еўропы. «Рэйсы з Казахстана прыбываюць у Мінск раніцай, што дае магчымасць прадоўжыць палёт у еўрапейскія аэрапорты (Варшава, Гановер, Берлін, Франкфурт, Манчэстэр, Мілан, Прага, Рым)», — адзначылі ў авіякампаніі.

Павялічыцца частата палётаў у Баку, Ларнаку, Берлін, Парыж, Рым і Мілан. Традыцыйна ў летні сезон самалёты «Белавіі» будуць лётаць і ў Сочы (у панядзелкі, серады і суботы). Палёты ў Сочы будуць выконвацца на камфартабельным Боінгу-737/500, што дасць магчымасць яшчэ большай колькасці пасажыраў добра правесці свой адпачынак па выгадным кошце пералёту.

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» з’яўляецца лідэрам беларускага рынку авіяперавозак. Яе рэгулярная маршрутная сетка налічвае 32 пункты ў 20 краінах свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?