Больш за 20 пытанняў уключана ў парадак дня пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое пройдзе сёння ў Брэсце.

Расійскую дэлегацыю на перамовах узначаліць прэм’ер‑міністр Уладзімір Пуцін. Чакаецца, што ён прыбудзе спецрэйсам у аэрапорт Брэста ў 12.40.

У 13.00 кіраўнік урада РФ і яго беларускі калега Сяргей Сідорскі наведаюць пункт мытнага надгляду грузавога аўтатранспарту «Казловічы‑2».

З 14.15 да 15.30 запланавана двухбаковая сустрэча Пуціна з Сідорскім, пасля чаго беларуска‑расійскія перамовы працягнуцца ў пашыраным складзе.

Паводле інфармацыі афіцыйнага партала Саюзнай дзяржавы (СД), Савет міністраў падсумуе асноўныя вынікі гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва ў 2009 годзе і разгледзіць больш за 20 актуальных пытанняў.

У прыватнасці, бакі абмяркуюць выкананне сумеснага міжурадавага плана па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу, праграму супрацоўніцтва ў паліўна‑энергетычным комплексе (ПЭК) і прагнозныя балансы паліўна‑энергетычных рэсурсаў СД на 2010 год.

Плануецца абмеркаваць ход рэалізацыі двухбаковых пагадненняў у эканамічнай сферы, стан гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва, балансы попыту і прапановы па найважнейшых відах прадукцыі.

Удзельнікі пасяджэння разгледзяць выкананне міждзяржаўнага дагавора аб супрацоўніцтве ў сферы сацыяльнага забеспячэння, плана мерапрыемстваў па фарміраванні і функцыянаванні аб’яднанай транспартнай сістэмы, а таксама мерапрыемстваў па спрашчэнні перамяшчэння тавараў і транспартных сродкаў на тэрыторыі СД.

Плануецца зацвердзіць графік сумесных калегій у 2010 годзе, асноўныя пытанні да пасяджэнняў Саўміна на гэты год і праект парадку чарговага пасяджэння саюзнага ўрада.

Нагадаем, 4 сакавіка намеснік дзяржсакратара СД Васіль Хрол заявіў журналістам, што праграма беларуска‑расійскага супрацоўніцтва ў ПЭК пакуль не да канца ўзгоднена і разглядаць яе на пасяджэнні саюзнага ўрада ў Брэсце рана.

«Рабочая група пад старшынством першага віцэ‑прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі і віцэ‑прэм’ера Расіі Ігара Сечына не здолела дасягнуць кампрамісу, — паведаміў Хрол. — На парадку дня гэтае пытанне стаіць, але яно не падрыхтавана. На ўзроўні мінулага года, акрамя падпісання пратакола да пагаднення аб гандлю ў сферы нафты, нічога не змянілася. Ёсць некалькі прынцыповых пазіцый, якія патрэбна вырашаць не на ўзроўні экспертаў, а на ўзроўні віцэ‑прэм’ераў».

Апошняе пасяджэнне Саўміна СД адбылося 28 кастрычніка 2009 года ў Маскве.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?