Ілюстрацыя postimees.ee

Ілюстрацыя postimees.ee

Прайшло два месяцы з таго часу, як мяне збiла машына. Аналiзую i пакрысе пачынаю разумець, чаму гэта здарылася са мной. Першае — самае вiдавочнае.

Аварыя адбылася ў прыгарадзе Мiнска, у Бараўлянах. Там знаходзiцца дзiцячы анкагематалагiчны цэнтр. З яго я, уласна кажучы, i ехала. Больш за тры гады таму ўпершыню я трапiла туды з групай валанцёраў. I не змагла больш не ездзiць.

Так часта бывае: калi Госпад у нечым абмяжоўвае, Ён адорвае ў iншым. Дзецi ў цэнтры рана сталеюць, яны разумеюць i адчуваюць, яны мудрэюць. Я вучылася ў iх мужнасцi, вынослiвасцi, цярпенню, прозе жыцця i любовi да ўсяго, што вакол.

Маiм першым сябром у цэнтры стаў сямнаццацiгадовы Дзiмка. Я не заўважыла, як пачала жыць яго жыццём. Разам з iм пражывала блокi хiмiятэрапii, аперацыi, перасадку касцявога мозгу.
Разам з iм радавалася i сумавала. Дзiмка нiколi не скардзiўся, не хныкаў, нiколi нiчога не прасiў. Але я заўсёды адчувала яго боль, боль фiзiчны i боль душэўны. Маленькiм прасцей хварэць, яны не разумеюць. Дзiмка збiраўся быць мараком. Яго няма ўжо два гады.

Я цяжка перажывала сваю першую страту. Чамусьцi не задумвалася, не ўяўляла, што так можа скончыцца. Ён часта сумаваў, але нiколi не дазваляў падумаць, што яго не стане. Я ж ведала, куды езджу, ведала, што за хвароба, чым яна заканчваецца, але нiколi не ўяўляла, што яго не стане. Мы проста жылi. Пакуль не памерлi.

Пасля Дзiмкавага адыходу я доўга адраджалася, не ездзiла ў цэнтр. Думала, што ўжо i не паеду. Але цягнула. Я дала сабе зарок больш не заводзiць такiх цёплых адносiнаў. I паехала. I не стрымала слова. Яшчэ далей зайшла — закахалася. Андрэй зусiм не рабіў уражання хворага. I я зноў забылася, што гэта за бальнiца, што за хвароба i чым гэта заканчваецца. Мы проста жылi. Пакуль не памерлi. Разам.

Тады я знайшла ў сабе сiлы i не перастала ездзiць у цэнтр. Перанесла смерць «на нагах». Там заставалiся нашы сябры, маленькiя i дарослыя, перад якiмi нельга было аддацца ва ўладу скрухi, з якiмi трэба было пачынаць жыць па-новаму. I я пачала.

Дзецi ў цэнтры мянялiся, з’язджалi дадому i зноў вярталiся, з’яўлялiся новыя пацыенты. Саша, як i большасць з iх, падкупiў мяне сваiм аптымiзмам i выдатным пачуццем гумару.

— Танечка, выходзь за мяне, калi ласка, замуж. У мяне няма пярсцёнка. Можна я надзену табе на палец абаранак?

Ён пiсаў вершы, любiў гурт «Без білета», i ён сапраўды закахаўся ў мяне. Упершыню. Яму было дзевятнаццаць.

А я вучылася не жыць яго жыццём. Якраз тады прыйшло запозненае асэнсаванне страты Андрэя. Сама не спраўлялася. Давялося звярнуцца да спецыялiста. Псiхатэрапеўт настойваў, каб я перастала ездзiць у Бараўляны i занялася сабой. А я рыдала горкiмi слязьмi i цiшком ездзiла ў цэнтр.

Сашы таксама не стала. Я ў чарговы раз зараклася займацца такой балючай дабрачыннасцю, пакуль не навучуся па-iншаму ставiцца да яе. Вучылася доўга. Не без дапамогi. Рабiла поспехi. Ужо нават падалося, што я магу жыць без хворых дзяцей гэтак жа, як i яны могуць жыць без мяне. Нарэшце я зразумела, што iм не патрэбныя мае ахвяры, i калi б яны ведалi, чаго мне гэта каштуе, то не пахвалiлi б. Я некалькi месяцаў не паказвалася ў Бараўлянах. I ўжо прызвычаiлася жыць без iх. Пакуль не даведалася, што ў анкацэнтры ляжыць мая зямлячка Люда. Упершыню за тры гады майго валанцёрства — зямлячка! Ёй была патрэбная сур’ёзная дапамога. I я не магла не дапамагчы. Зноў дала сабе слова не заводзiць асабiстых кантактаў, сяброўства, не жыць iх жыццём i не памiраць iх смерцю. Тым больш што дапамога патрабавалася матэрыяльная. Я займалася пошукам спонсараў, зборам грошай, набыццём лекаў. У цэнтр прыехала толькi каб перадаць дапамогу.

За сем месяцаў маёй адсутнасцi там, безумоўна, змянiўся склад пацыентаў. Але двое старых знаёмых засталiся. Антон i Жэнька.

— Дзе ты так доўга была? Мы ўжо дасталі твой нумар тэлефона i збiралiся званiць!

Яны памятаюць дакладную дату майго апошняга прыезду.

— Што мы сёння будзем рабiць? Што ты прывезла? А калi ў наступны раз прыедзеш?

I гэта дарослыя хлопцы пытаюцца! Я не магла не прыехаць. У наступныя выходныя затарылася падарункамi, гульнямi — i пайшло-паехала. Я шукала сродкi на лекаванне Люды, забаўляла хлопцаў, заводзiла новыя знаёмствы.

У той вечар я заехала пасля працы, каб перадаць лекi для Люды. Знайшла яе ў рэанiмацыi. А пакуль гутарыла з медперсаналам, пакуль хлопцы не хацелi мяне адпускаць, Люды не стала. Я памятаю, як суцяшала мацi, спрабавала падзялiць яе боль, памятаю, што паабяцала выбраць сукенку для Люды, дрэнна памятаю, як выйшла з цэнтра… Апрытомнела ў бальнiцы хуткай дапамогi з зашытай галавой i зламанай нагой.

Думаеце, выпадкова? Гэта Бог стамiўся папярэджваць мяне: займiся сабой. Давялося прыняць больш дзейсныя меры.

Я хавалася ў iх праблемы i такiм чынам пазбягала сваiх, уласных. Я пражывала iх жыццё ў той час, калi сваё стаяла на месцы i не рухалася з мёртвай кропкi. Я памiрала iх смерцю, не зрабiўшы самага галоўнага ў жыццi, таго, што мне наканавана i пра што я, магчыма, яшчэ i не здагадваюся.

Мама Люды даведалася пра аварыю яшчэ ў цэнтры. Тэлефануе. Хвалюецца за маё здароўе. Бадзёрая i моцная, як заўсёды. Кажа, сыны дапамагаюць, падтрымлiваюць. Абяцала прыехаць у госцi. Пра Люду мы не гаварылi.

Пасля аварыi я ў чарговы раз зараклася ездзiць у Бараўляны. Але цяпер адчуваю, што змагу па-новаму. Нельга цалкам аддаваць сваё жыццё iншым. Толькi шчаслiвы можа дарыць шчасце. Толькi той, хто мае, можа аддаваць iншым. Я пачынаю новае, СВАЁ, жыццё.

А вы беражыце сябе, калi ласка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?