У першым квартале гэтага года Расія пастаўляла Беларусі газ па цане 169 долараў за тысячу кубаметраў, паведаміў прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін 16 сакавіка ў Брэсце пасля заканчэння пасяджэння савета міністраў саюзнай дзяржавы.

Паводле яго слоў, Расія працягвае падтрымліваць беларускую эканоміку за кошт танных энергарэсурсаў. Напрыклад, Украіна, адзначыў Пуцін, атрымлівае газ па 304 долары.

«І калі параўнаць з сярэднееўрапейскай цаной, то выйгрыш Беларусі складае 2 млрд. 600 млн. долараў. Плюс Расія пастаўляе 6,3 млн. тон нафты бяспошлінна. Гэта яшчэ 1 млрд. 600 млн. долараў», — сказаў прэм`ер-міністр.

Кіраўнік расійскага ўрада заявіў, што гэтыя ўкладанні апраўданыя, таму што ідзе развіццё інтэграцыйных працэсаў.

Пуцін паведаміў, што бакі ўзгаднілі баланс паліўна-энергетычных рэсурсаў на 2010 год. «Гэты дакумент падпісаны, і з гэтага будзем зыходзіць [падчас паставак энергарэсурсаў]», — сказаў ён.

Паводле слоў Пуціна, з пачаткам функцыянавання 1 студзеня 2012 года адзінай эканамічнай прасторы «мы павінны адысці ад збірання ўсялякіх пошлін на прадукцыю, якая пастаўляецца».

Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што падчас абмеркавання пытанняў паставак энергарэсурсаў беларускі бок унёс свае прапановы адносна працы расійскіх нафтавых кампаній на рынку краіны і давальніцкай перапрацоўкі нафты. «У найбліжэйшай перспектыве мы павінны прапрацаваць гэтыя прапановы, каб з 1 ліпеня гэтага года са стварэннем мытнай прасторы адысці ад збірання пошлін», — сказаў Сідорскі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?