Нядаўна ў парафію Святой Тройцы ў Глыбокім даслалі дзеля рэкламы асобнік каталіцкага спеўніка, выдадзенага пяцітысячным накладам івейскімі ксяндзамі. Надрукаваны ён па-польску расейскай кірыліцай (!).
У Беларусі, асабліва на Гарадзеншчыне, шмат каталікоў, якія лічаць сябе палякамі і хочуць маліцца па-польску. Безумоўна, яны маюць права на тое, каб і Імшу для іх адпраўлялі па-польску, і каб кніжкі для набажэнстваў на польскай мове друкавалі.
Аднак, калі чалавек лічыць сябе палякам, дык мусіць ведаць польскую мову. І таму пісаць для палякаў польскія тэксты кірыліцай – абсурд. Значыць, спеўнік выдаваўся ўсё ж, як ні круці, не для палякаў, а для тых вернікаў, якія польскую мову ўжо забыліся і не хочуць ведаць. А якая карысць для рэлігійнага жыцця асобы ад таго, што чалавека вымушаюць маліцца на мове, на якой ён нават чытаць не ўмее?..