Мне было 14 гадоў, і я хацеў ваяваць з Саветамі, я не быў нацыстам, — патлумачыў адзін з ветэранаў СС.
Святкаванне неафіцыйнага дня легіянера штогод распальвае ў Латвіі спрэчкі пра Другую сусветную вайну, цягам якой жыхары балтыйскіх краін змагаліся па абодва бакі фронту супраць Савецкага Саюза і Германіі, што па чарзе займалі іх землі.
Да двухсот ветэранаў СС, якія пасля імшы ў лютэранскім саборы прыйшлі да помніка Свабодзе, далучыліся некалькі сотняў маладых нацыяналістаў і неанацыстаў.
— Самае горшае тое, што маладыя людзі, якія ідуць пад сцягамі дэмакратычнай і незалежнай Латвіі, пакланяюцца тым, хто ваяваў на баку Трэцяга Рэйха, — гаворыць кіраўнік Ерусалімскага аддзялення Цэнтра Візенталя Эфраім Зураф, які прысутнічаў учора на дэманстрацыі пратэсту ў Рызе.
Латышы, што ваявалі на баку Трэцяга рэйха, не маглі — бо не былі нямецкімі грамадзянамі — уступаць у армію вермахта.
Таму Берлін ствараў для іх спецыяльныя падраздзяленні СС. Латышскі легіён быў створаны ў 1943 г., а ў розных вайсковых утварэннях на баку немцаў у час вайны было больш за 150 тысяч латышоў. Аднак, хаця большасць з прыкладна 80 тысяч латышскіх габрэяў, якія загінулі ад рук нацыстаў, памерлі яшчэ да стварэння легіёну СС, частка латышоў, што разам з немцамі чыніла Халакост, уступіла потым у СС і надалей брала ўдзел у карных аперацыях. Праз гэта легіён цяжка абараняць як «звычайнае вайсковае ўтварэнне», хаця ветэраны сёння трымаюцца такога меркавання.
Маршы СС у Рызе пачаліся ў 1998 годзе пры падтрымцы з боку латышскіх уладаў, якія, аднак, апошнімі гадамі — праз міжнародную крытыку — спрабуюць замаўчаць «нязручных» ветэранаў. Рыжскія ўлады, дзе адным з кіраўнікоў цяпер з’яўляецца расіец Ніл Ушакоў, сёлета паспрабавалі забараніць святкаванне, але за дзень да гэтага рашэнне было ануляванае рыжскім адміністрацыйным судом.