17.03.2010 / 17:03

Смаргонскага менцюка спыніў толькі аўтамат Калашнікава + фота Абноўлена 3

30-гадовы беспрацоўны зладзіў гонкі на вуліцах Маладзечна на «Фольксваген-Гольф».

Страляць з аўтамата Калашнікава ў Маладзечне прыйшлося 26-гадоваму старшыну міліцыі аддзела Дэпартамента аховы Яўгену Мішурко, каб спыніць п’янага вадзіцеля аўтамабіля «Фольксваген-Гольф».

Фота Дзмітыя Стасюлевіча, «Рэгіянальная газета»

Міліцыянер-кінолаг Яўген Мішурко расказаў у інтэрв’ю «РГ»: разам з міліцыянерам-вадзіцелем Алегам Туровічам яны на патрульнай машыне рухаліся па вуліцы Партызанскай у бок Грамадоўскай. На перакрыжаванні ўбачылі «Фольксваген-Гольф», які ехаў ад бардзюра да бардзюра, перыядычна выязджаючы на паласу сустрэчнага руху.

Павярнулі на вуліцу Буйніцкага. Каля 23 гадзін 40 хвілін супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы ўключылі сірэну і па рупары запатрабавалі вадзіцелю спыніцца. Кіроўца не падпарадкаваўся і пачаў уцякаць. Яўген Мішурко расказвае, што шафёр парушаў правілы дарожнага руху, праязджаў на чырвонае святло святлафора. Потым павярнуў на Вялікі Гасцінец і паехаў у бок Насілава.

Міліцыянеры праследавалі «Фольксваген», які ствараў рэальную пагрозу іншаму транспарту і пешаходам. Выехалі з горада, праехалі Насілава і Дамашы. Парушальнік працягваў ігнараваць патрабаванні спыніцца. На пад’ездзе да Лебедзева Яўген прыняў рашэнне прымяніць табельную зброю. З аўтамата Калашнікава ён спачатку зрабіў тры папераджальныя выстралы ў паветра, пасля - два прыцэльныя выстралы па колах аўтамабіля.

Кулі прабілі колы, «Фольксваген» спыніўся. У машыне, акрамя вадзіцеля, былі пасажыры - два хлопцы і дзве дзяўчыны. Падчас затрымання супраціўлення яны не аказвалі. Па словах Яўгена, маладыя людзі з цяжкасцю разумелі, што адбываецца ўвогуле.

Яўген Мішурко і Алег Туровіч выклікалі работнікаў дзяржаўтаінспекцыі. Бліжэйшая машына ДАІ знаходзілася ў вёсцы Хажова. Інспектар дарожна-паставой службы Дзмітры Стасюлевіч паведаміў «РГ»: за рулём «Фольксвагена» быў п’яны 29-гадовы жыхар Смаргоні, які не мае правоў кіравання.

Цяпер на яго складзеныя пратаколы па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яго абвінавачваюць у кіраванні аўтамабілем без правоў у стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў неаднаразовым невыкананні патрабаванняў работнікаў міліцыі спыніцца.

Намеснік начальніка Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў расказаў карэспандэнту «РГ»:

— Калі пасля складання пратаколаў п’янага вадзіцеля, які паводзіў сябе развязна, адпускалі, я спытаў у яго: ну, што, адрэналіну захацелася?

0
Сьпец галоўнага аграгарадку / Адказаць
17.03.2010 / 19:50
І ўноў міліцыя наша аплашалася! Эта ж нада ішчо дадумацца да такова – загадаць упітым леч на зімлю!! Баўбесы: це как ліглі, так адразу й паснулі...
0
Маладачанец / Адказаць
17.03.2010 / 23:05
Пазначце, калі ласка, што гэта здарылася ў Маладзечне: http://rh.by/by/63/10/1422/
0
tumash / Адказаць
18.03.2010 / 10:08
Самае прыемнае было чытаць пералік маладзечанскіх вуліц: \"...рухаліся ў бок ГРАМАДОЎСКАЙ, ... павярнулі на вуліцу БУЙНІЦКАГА, потым павярнуў на ВЯЛІКІ ГАСЬЦІНЕЦ\". Прыемныя беларускія назвы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру