Магілёў. У студні адкрылася ў нас конна‑жалезная дарога і ўжо патрапіла зарэзаць адну кабеціну.

У скорасці маняцца завесці ў нас электрычнае святло. Драты ўжо панацягвалі.

«НН». №11. 1910

На Усходзе незадавальненне выказваюць на кухнях, на Захадзе — на вуліцах.

Хапун (слова 90‑х) на плошчы Свабоды, прабіты дубіналам (або інтэгратарам — таксама слова 90‑х), абраз Маці Божай Чарнобыльскай работы Алеся Марачкіна, 200 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, інтэрнаваных на Акрэсціна ў красавіку 1996 года, каб Чарнобыльскі Шлях не перайшоў у рэвалюцыю 1 траўня, «Дарагія мае масквічы» Касі Камоцкай, «Мы партызаны, лясныя браты» Лявона Вольскага, касманаўты ў блакітных камбінезонах. Жывая гісторыя.

Мы стваралі самыя харошыя дні Мінска ХХ стагоддзя. Дэманстрацыі другой паловы 90‑х былі найперш выключнымі праявамі прыгажосці.

Нічым гісторыя так не даражыць, як хараством. І хараство стваралі мы.

Чакаючы чарговага Маршу, разумееш важнасць аднога‑адненькага дня. Як шмат можа вырашыць проста дождж або проста сонца. Проста намаганне аднаго чалавека.

«НН». №11. 2000