Па Бабруйску пайшлi чуткi аб пераносе «Дажынак» з 23 верасьня на 1 кастрычнiка. Штаб па падрыхтоўцы да правядзеньня сьвята сельскай гаспадаркi пакуль абвяргае гэтую iнфармацыю, але i замоўчвае ўзьнiклыя праблемы. Пра іх можна пачуць толькi з вуснаў мясцовых жыхароў ды старшынi Магiлёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры, якi кожную суботу кантралюе будоўлi райцэнтру.

Нараканьнi выклiкае былы даўгабуд – гатэль «Турыст». Паводле апошняй iнфармацыi, ён будзе мець толькi тры «зоркi» замест планаваных пяцi. Зьнешнi выгляд гораду псуе i наяўнасьць савецкiх баракаў па вулiцах Куйбышава ды Шмiта. Неяк забылiся будаўнiкi на iдэю бэтонных берагоў рачулкi Бабруйкi, на ўзьбярэжжы якой меркавалi зрабiць зону адпачынку. Праблемы маюцца таксама з рэканструкцыяй гарадзкога стадыёну.

Бабруйск абяцае затое задзiвiць усiх размахам сьвята. Плошчу iмя Ленiна, на якой прэзыдэнт будзе ўзнагароджваць герояў жнiва, падоўжылi на 30 мэтраў – цяпер на ёй пачынаецца мантаж цэнтральнай сцэны фестывалю. Сьвята прадугледжвае выставу хлебных вырабаў, конкурс караваяў ды забаўляльныя мерапрыемствы з парасячымi бягамi. Уздоўж вул. Сацыялiстычнай будуць пабудаваныя павiльёны ад кожнага раёну краiны, а сьвежы хлеб на плошчы Перамогi будзе выпякацца ў мабiльнай вайсковай пякарнi. Мяркуецца, што на «Дажынкi-2006» прыедзе каля 10 тыс. гасьцей, для якiх з-за недахопу начлежных месцаў цяпер рыхтуюцца iнтэрнаты ды лягеры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?