Па факце здарэння 16 сакавіка на станцыі «Беларусь» праводзіцца праверка.

Позна ўвечары 16 сакавіка пасажыры электрычак, якія выходзілі на станцыі «Беларусь», што ў Заслаўі, маглі назіраць наступную карціну: міліцыянты аглядалі цела мужчыны на рэйках аднаго з шляхоў. Цела нябожчыка ляжала ў ненатуральнай позе, твар быў у крыві.

У Заслаўскім ГАУС паведамілі, што супрацоўнікі аддзелу не выязджалі ўвечары 16 сакавіка на выклік у раён чыгуначнай станцыі, і параілі звярнуцца ў транспартную міліцыю Мінскага раёна. Там пацвердзілі, што інцыдэнт на станцыі «Беларусь» 16 сакавіка меў месца, але адмовіліся паведаміць хоць якія-небудзь падрабязнасці. «Праводзіцца праверка», — быў адказ.

Здарэнні на чыгунцы нярэдкія. Часцей за ўсё яны адбываюцца па прычыне няўважлівасці пешаходаў, а таксама віной трагедый часта бывае алкаголь. Апошні інцыдэнт на чыгунцы у маладзечанскім накірунку здарыўся ў апошні дзень лютага. Позна ўвечары пасажырскі цягнік «Мінск-Полацк» на перагоне Маладзечна-Вілейка недалёка ад Сасновага Бору збіў нецвярозага 21-гадовага хлопца які заснуў на рэйках. Малады чалавек нарадзіўся ў кашулі, бо застаўся жывы. А вось для 52-гадовага мужчыны сустрэча з цягніком электрычкі ў Маладзечне 19 лютага скончылася фатальна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?