Каб дзіця не толькі расло (падчас сну вызваляецца гармон росту), але і добра запамінала новую інфармацыю, яно мусіць больш спаць.

Бо менавіта ў сне адбываецца перапрацоўка, абагульненне і запамінанне інфармацыі. Навукоўцы з Арызонскага ўніверсітэта (ЗША) яшчэ раз даказалі гэта доследным шляхам.

Хуткі сон - гэта пятая стадыя сну, якая нагадвае стан няспання, хоць чалавек і знаходзіцца ў поўнай нерухомасці. Калі ў гэты час абудзіць спячага, то ў 90% выпадкаў можна пачуць аповед пра яркі сон. Хуткі сон перапыніць цяжэй, чым марудны. Мяркуюць, што хуткі сон забяспечвае функцыі псіхалагічнай абароны, перапрацоўку інфармацыі, яе абмен паміж свядомасцю і падсвядомасцю.

Даследаванне праводзілася з 48 дзецьмі ва ўзросце 15 месяцаў. Малым неаднаразова прайгравалі запісы невялікіх простых фраз на роднай мове, каб дзеткі навучыліся іх пазнаваць. Пасля гэтага праводзіліся спецыяльныя псіхалагічныя тэсты. Яны паказалі, што дзеці, якія пасля праслухоўвання запісаў спалі ад 4 да 8 гадзін, лепш запаміналі пачутую інфармацыю. Малыя, якім спаць пасля «лекцый» не давалі, гэтым пахваліцца не маглі.

«Мы ведаем, што ў маленькіх дзяцей пераважае фаза «хуткага» сну; так развіваецца іх мозг у перыяд росту. Каб дзеці змаглі засвоіць і абагульніць інфармацыю, пасля яе атрымання ім неабходны дастатковы сон. Калі дзіця не зможа паспаць 4—8 гадзін пасля «ўрока», то, магчыма, яно страціць усю інфармацыю», — кажа кіраўнік даследавання, прафесар кафедры псіхалогіі Лін Нэйдэл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?