Да каго пытаньне?

У сваім патрабаваньні «быць рэалістамі», зьвернутым да беларускіх журналістаў, палітолягаў і палітыкаў, Андрэй Дынько падкрэсьлівае ролю эканамічнага фактару ў дасягненьні Незалежнасьці. З тым, што апазыцыя, дый увогуле нацыянальна сьведамая інтэлігенцыя зусім мала надае ўвагі гэтаму фактару, можна пагадзіцца. Але папрок, мне здаецца, скіраваны не зусім па тым адрасе.

У Акадэміі навук Беларусі, ва ўрадзе, у адміністрацыі прэзыдэнта, сярод дарадцаў і памочнікаў хапае эканамістаў. Чаму ж ніхто зь іх ня зьверне увагі кіраўніцтва на той факт, што будаваць эканамічную стратэгію на танным расейскім газе, мякка кажучы, небясьпечна? Зразумела, атрымліваць газ з Расеі па цяперашніх цэнах выгадна ня толькі прадпрымальнікам, але й звычайным грамадзянам. Вядома, можна й трэба зарабляць грошы на каньюнктуры – у тым ліку палітычнай. Але ясна, што гэтая каньюнктура ня можа захоўвацца бясконца, бо магутнасьць Вялікай Энэргетычнай Дзяржавы залежыць ад цэнаў на энэрганосьбіты, якія зьмяняюцца цыклічна. Таксама і прэзыдэнцкі тэрмін аднаго чалавека можна працягваць доўга, але не бясконца.

Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, дэпартаваны зь Беларусі, у сваім артыкуле «Газавая містыка», апублікаваным у Інтэрнэце, апэруе лічбамі дзяржаўнае статыстыкі. Зь іх вынікае, што прамысловасьць і насельніцтва Беларусі проста ня мае моцы спажываць столькі прыроднага газу, колькі яна зараз імпартуе з Расеі. Адсюль можна зрабіць выснову, што вялікая частка гэтага газу кудысьці зьнікае і што беларускі «эканамічны цуд» пабудаваны менавіта на гэтай «містыцы». Ня будзе таннага расейскага газу – ня будзе эканамічнага росту, лічыць палітоляг.

Нешта ня чуў я гнеўных абвяржэньняў гэтага «паклёпу» з боку афіцыйных асобаў і эканамістаў. Іх голасу ўвогуле не чуваць апошнім часам. А калі яны й гавораць, дык толькі аб тым самым «эканамічным росьце», дасягнутым дзякуючы мудраму кіраўніцтву. Чаму, у адрозьненьне ад украінскіх прадпрымальнікаў, ніхто не даводзіць вышэйшаму кіраўніцтву выгоды мажлівай інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую эканоміку?

Прыклад «фарбэніндустры»

Можа быць, у Беларусі ўвогуле няма сур’ёзных эканамістаў? Ці яны пішуць свае эканамічныя трактаты ў стол? Абодва дапушчэньні выглядаюць абсурдна.

Некалі за савецкім часам нарадзілася фраза: «Біцьцё вызначае сьвядомасьць». (Замест «Быцьцё вызначае сьвядомасьць»). Яе відавочна прыдумаў нейкі філёзаф у сталінскім ГУЛАГУ, дзе марксісцкая тэорыя вызваленьня пралетарыяту ад аковаў павяралася практыкай рабскае працы. Між іншым, у сталінскіх «шаражках» працавалі і філёзафы, і канструктары, і эканамісты. (Хто глядзеў экранізацыю салжаніцынскага «Ў коле першым» на БТ, можа ўявіць сабе, як гэта было.) І дзякуючы рабскай працы, у тым ліку навукоўцаў, у космас запускаліся караблі, а атамная моц савецкае дзяржавы расла з кожным днём.

Гэта быў сталінскі сацыялізм. А быў і нямецкі сацыялізм. І вось вам іншы прыклад. У Нямеччыне пры Гітлеру існаваў рынак. Прадпрымальнікаў (за выняткам тых, хто меў няшчасьце нарадзіцца ў Нямеччыне габрэем) ніхто не чапаў і не абмяжоўваў прыватнай ініцыятывы. Некаторыя фірмы, напрыклад, «АГ Фарбэніндустры», зарабілі тады актываў на сто гадоў наперад. Праўда, цяпер фірме даводзіцца выплачваць шматмільённыя кампэнсацыі ахвярам гітлераўскага рэжыму. Але што зробіш – не маглі гэтага прадбачыць тагачасныя эканамісты.

Як жа вольны рынак мог дапусьціць, што побач з цывілізаванымі вытворчымі стасункамі існавалі лягеры сьмерці, дзе праца зьняволеных была, мякка кажучы, неэфэктыўная? (Толькі ня трэба казаць, што практычныя немцы, нібыта, зараблялі на валасах і скуры забітых зьняволеных. Калі дазволіць сабе цынічныя развагі наконт гэтага, то прыбытак ад гэтай бесчалавечнай індустрыі быў нулявы. Яе сэнс быў менавіта ў яе бесчалавечнасьці.) Адказ просты: рынак тут ні пры чым. Эканоміка Нямеччыны, як і усе бакі жыцьця нямецкага народу, залежалі тады ад ідэалёгіі. А не наадварот.

Падобным чынам існавала савецкая, абсурдная эканоміка, у якой усё было пастаўлена дагары нагамі і якая не павінна была існаваць паводле аб’ектыўных законаў. Як выявілася – магла. Існуе й цяпер, праўда, у крыху адаптаваным выглядзе, у Беларусі. А што, хіба не было разумных, кемлівых дырэктараў, старшыняў калгасаў у Савецкім Саюзе? Былі, але нярэдка іх саджалі за краты, каб не былі занадта кемлівыя. Цяпер ужо так ня робяць?

Сындром малпаў

На пачатку 1990-х гадоў у Менск прыяжджаў Лешэк Бальцэровіч – легендарны польскі эканаміст, цяперашні кіраўнік Нацбанку Польшчы. Мне давялося быць на адной зь яго лекцыяў, дзе ён гаварыў простыя рэчы, якія тады здаваліся рэвалюцыйнымі. Ён казаў пра тое, што чалавецтва пакуль не прыдумала нічога лепшага за рынкавыя стасункі. Кепскія яны ці добрыя, але яны эфэктыўна працуюць у любых умовах. У Амэрыцы, у Эўропе, у Паўднёвай Карэі, Малайзіі, Кітаі – яны заўсёды спрацоўваюць і вядуць, хай не адразу, да росту прадпрымальніцкай і ўвогуле любой актыўнасьці ў грамадзтве, а гэта ў сваю чаргу вядзе да росту дабрабыту ўсяго насельніцтва. А калі дзяржава ўмешваецца ў эканамічныя працэсы, гэта хоць і можа часова прывесьці да ўяўянага паляпшэньня, але насамрэч толькі запавольвае эканамічны прагрэс. Таму, на думку прафэсара Бальцэровіча, няма кепскіх ці адсталых народаў, ёсьць неэфэктыўнае кіраўніцтва. А рынак, падкрэсьліваў навуковец, разьвязвае ініцыятыву чалавека, і тады ён можа праяўляць свае лепшыя якасьці й рысы...

Ці мог тады думаць Бальцэровіч, што празь дзесяць гадоў у Польшчы зь яе разьвітымі рынкавымі стасункамі, зь вялікай клясай прадпрымальнікаў, у Польшчы, якая ўступіць у Эўразьвяз з усімі яго палітычнымі і рынкавымі структурамі, будзе дадзеная воля… антысэмітызму. Што на каталіцкім радыё будуць гучаць выказваньні аб тым, што габрэі «спэкулююць на тэме Галякосту», што яны перабольшваюць трагедыю Ядвабнага (дзе палякі ўдзельнічалі ў зьнішчэньні сваіх суседзяў-габрэяў ) і пагрому ў Кельцах. Што ў Польшчы на парлямэнцкім узроўні будзе разьвязаная кампанія дыскрэдытацыі заснавальніка легендарнай КОС-КОР нябожчыка Яцка Кураня, таксама габрэя?

Усё гэта не перакрэсьлівае дасягненьняў Польшчы ў пабудове дэмакратыі й заслугаў польскага народу ў стварэньні сваёй мадэлі эканомікі, якая дынамічна разьвіваецца.

Я проста хачу сказаць, што няма беспасярэдняй сувязі паміж аб’ектыўнымі законамі рынку, эканамічнымі інтарэсамі і чалавечай маральлю. Эканамічны і навуковы прагрэс ёсьць. Але гаварыць пра прагрэс адносна чалавечай маралі не выпадае.

Таму я ў сваім артыкуле пра Незалежнасьць казаў аб маральнай адказнасьці інтэлігенцыі, а не інтэлектуальнай. Але гаварыў, гатовы прызнаць, абсалютна дарэмна. Бо трэба казаць не пра адказнасьць нейкай групы ці супольнасьці людзей, якая жыве паводле аб’ектыўных грамадзкіх законаў, а толькі і выключна пра сваю асабістую адказнасьць перад самім сабой. І эканоміка тут ні пры чым.

Што ж датычыць адказу на пытаньне, чаму беларускія таленавітыя эканамісты дагэтуль не абвесьцілі аб сабе гучна, тут ёсьць навуковае тлумачэньне. Толькі палягае яно не ў галіне эканомікі ці сацыялёгіі, а – у біялёгіі. Усім вядомыя экспэрымэнты з малпамі і бананамі. Дык вось, падчас аднаго з такіх экспэрымэнтаў да падлогі клеткі быў падведзены электрычны ток. Як толькі адна з малпаў падыходзіла да слупа, на які быў падвешаны банан, улучалі электрычнасьць, і усе малпы (заўважце, усе!) атрымлівалі даволі адчувальны удар токам. Дык вось, калі празь некалькі гадзін у клетку запусьцілі малпу-навічка, і яна, натуральна, адразу скіравалася да банана, усе малпы разам накінуліся на яе й пачалі біць. Тая малпа не магла зразумець – за што? Але ж астатнія гэта цудоўна ведалі!

Не пасьпелі мы даведацца, якія зьмены нас чакаюць у беларускай артаграфіі, як некаторыя філёлягі пачалі заклікаць нас загадзя зьмірыцца зь любымі зьменамі. Зразумела, дзеля таго, каб захаваць беларускую мову і беларускую інтэлігенцыю, у тым ліку філёлягаў. А тых, хто будзе пратэставаць, ці працягваць карыстацца клясычным правапісам, застаецца біць. Фізіялёгія, што зь ёй зробіш?

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?