Зладжаны ў сталіцы двухдзённы семінар па ідэалогіі звёўся да банальных заклінанняў: пазбаўляцца фармалізму, дайсці да кожнага і г.д. Нафталін часоў КПСС. Але былі і красамоўныя заявы. Начальства само сябе высцёбвае.

Вось, напрыклад, устаноўка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея наконт БРСМ: «Няма патрэбы прымусова ставіць пад сцягі арганізацыі татальна ўсю моладзь». Ноу комэнт, практыка ідэалагічнага ахопу юных акрэслена болей чым вычарпальна.

Хіба што варта было пра «Белую Русь» дадаць. Ці там яшчэ план не выканалі?

Высокі начальнік падкрэсліў, што галоўнае для дзяржаўнай ідэалогіі — кансалідацыя нацыі. Але

цягам двух дзён з той самай трыбуны гучаў рэфрэн пра ідэалагічных праціўнікаў, каторым трэба няспынна даваць адлуп. А яны хто — марсіяне? Ці тых, хто прынцыпова не згодны з цяперашнім курсам, часткай нацыі лічыць не варта?

Двухсэнсоўна прагучаў і фармальна прагрэсіўны заклік Уладзіміра Макея, каб вертыкальнікі не цураліся працаваць з недзяржаўнай прэсай. Маўляў, так робяць у Маладзечне: даюць інфармацыю, дзейнічаюць «мяккім, спакойным перакананнем».

Але вось вам маралітэ: «І ў выніку такой стратэгіі людзі (відавочна, маюцца на ўвазе недзяржаўныя журналісты. — А.К.) часта пераходзяць на бок улады. Таму гэты вопыт Маладзечанскага раёна трэба пераймаць усім мясцовым органам улады краіны».

Учытайцеся: міжволі ўлада вербальна аддзяляе сябе ад людзей.

Галоўнае ж —

там, наверсе, не хочуць разумець элементарнага: нармальная прэса не мусіць быць на баку дзяржапарату, яна акурат заклікана ажыццяўляць над ім грамадскі кантроль. Нармальная прэса — у апазіцыі да любой улады.

Ці вось яшчэ: «Нашы каналы сёння ў асноўным кантралююць тэлевізійную прастору ў Беларусі. Але трэба разумець, што гэта становішча дасягнута дзякуючы магутнай падтрымцы дзяржавы, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнага тэлебачання. Таму дзяржава мае права разлічваць на сур’ёзную аддачу».

Во як: дзяржава! Чытай: вертыкаль, апарат, начальства. А чаму не гледачы, у тым ліку і апазыцыйных поглядаў? Яны ж таксама плацяць падаткі на «магутную падтрымку» электронных медый.

І нарэшце, вось які крытэр эфектыўнасці ідэалагічнай працы ставіць на першае месца кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта: «вынікі галасавання ў ходзе палітычных кампаній».

Тут расшыфроўка адназначная:

каб як мага болей электарату галасавала за праўладных кандыдатаў і найменей — за апазіцыю. Гэтая ўстаноўка — абсалютны нонсэнс для нармальнай дзяржавы.

Глядзіце, ёсць, напрыклад, амерыканская ідэя. І яна ні на каліва не залежыць ад таго, хто пераможа там на прэзідэнцкіх выбарах. І ў Брытаніі то кансерватары кіруць, а лейбарысты ў апазіцыі, то наадварот. Ад гэтага ідэі, на якіх грунтуецца брытанскі лад жыцця, зусім не куляюцца. Так усюды ў нармальных дэмакратыях.

Там, калі хочаце, сам прынцып ратацыі кіроўных эліт — адна з галоўных ідэй. Справа ж чыноўнікаў — забяспечваць працэс канкурэнтнай палітыкі, а не закаркоўваць яго.

У нас жа з трыбуны семінара выказваецца надзея, што «экзамен, які нам з вамі і ўсёй уладзе трэба будзе трымаць менш як праз год, мы вытрымаем з гонарам». А іначай, значыць, капец.

Як бачым, высокія чыны праз слова прагаворваюцца, што ўся дзяржаўная ідэалогія заточана пад элегантныя перамогі самі ведаеце каго. На такім грунце трымаецца і дабрабыт самой вертыкалі. Усё элементарна.

Але пры гэтым яшчэ — прэтэнзіі на нейкую канцэптуальнасць, наморшчванне лбоў!

Галеча філасофіі, як казаў класік.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0