Беларускі баец Віталь Гуркоў стаў пераможцам міжнароднага турніру К-1 World Max 2010 East Europe, які вечарам 19 сакавіка адбыўся ў мінскім Палацы спорту.

Для ўдзелу ў баях за права выступіць у фінальнай частцы турніру — FieLDS K-1 World Max 2010 World Championship Tournament Final 16 — у сталіцу Беларусі прыехалі лепшыя байцы Усходняй Еўропы ў вагавой катэгорыі да 70 кг: Віталь Гуркоў (Беларусь), Замін Гусейнаў (Азербайджан/Беларусь), Лукаш Шульц (Польшча), Энрыке Гагохія (Грузія), Алмаз Смагулаў (Казахстан), Іван Грыгор'еў (Украіна), Канстанцін Цуцу (Малдова), Тадас Ёнкус (Літва). Згодна з формулай турніру, у вочных паядынках па алімпійскай сістэме (на выбыванне) для агульнай перамогі неабходна было атрымаць тры перамогі на працягу аднаго вечара. Гэта поўнасцю ўдалося толькі Віталю Гуркову, які паслядоўна перамог Лукаша Шульца, Энрыке Гагохія і свайго аднаклубніка Заміна Гусейнава. Такім чынам, мінчанін заваяваў права выступіць у сусветным Final 16 K-1 Max.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?