У ЗША ў веку 71 году памёр вядомы сацыёляг, дасьледчык грамадзкае думкі Ўорэн Мітоўскі (Warren Mitofsky).

Мітоўскі быў першым сацыёлягам, які выкарыстаў для аналізу вынікаў практыку апытаньня прагаласавалых на выхадзе з выбарчых участкаў, што атрымала назву exit polls.

Упершыню exit polls былі апрабаваныя Мітоўскі на выбарах губэрнатара штату Кентукі ў 1967 г. для тэлеканала CBS. А ўжо ў 1972 г. падчас прэзыдэнцкіх выбараў ён правёў exit polls у агульнанацыянальным маштабе, апытаўшы больш за 3000 чалавек.

Паводле слоў дырэктара службы CBS па аналізе грамадзкай думкі Кэтлін Франковіч, "Менавіта дзякуючы Ўорэну Мітоўскі ЗША, а затым і ўвесь сьвет атрымалі магчымасьць даведацца хутка і праўдзіва, хто перамог на выбарах і што самі выбарцы думаюць на гэты конт".

Мітоўскі быў адным з заснавальнікаў амэрыканскага агульнанацыянальнага кансорцыюму Voter News Service (VNS), галоўнай задачай якога стала правядзеньне незалежнага падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах і каардынацыя вынікаў exit polls, ажыцьцёўленых вядучымі інфармацыйнымі агенцтвамі і тэлеканаламі, такімі як ABC, CBS, NBC, CNN, Fox і Associated Press.

У 1993 г. Мітоўскі арганізаваў уласнае агенцтва Mitofsky International, супрацоўнікі якога праводзілі exit polls на выбарах у розных краінах, у тым ліку Расеі, Мэксыцы, Філіпінах і Азэрбайджане.

Апроч таго, у пэрыяд працы на канале CBS Мітоўскі і ягоны паплечнік Джозэф Ваксбэрг вынайшлі мэтад тэлефоннага апытаньня насельніцтва як па загадзя ўзятых, так і па выпадковых нумарах.

Мітоўскі быў прэзыдэнтам Амэрыканскай асацыяцыі па дасьледаваньні грамадзкай думкі і Нацыянальнага савету па правядзеньні exit polls.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?