Міністр спорту і турызму Алег Качан, выступаючы 20 сакавіка на справаздачнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі футбола, запатрабаваў ад нацыянальнай зборнай заняць першае ці другое месца ў сваёй адборачнай групе чэмпіянату Еўропы 2012 года, дзе выступаюць таксама Францыя, Румынія, Боснія і Герцагавіна, Албанія і Люксембург.

Акрамя таго, паводле слоў міністра, маладзёжная і жаночая каманды павінны трапіць у фінальную частку чэмпіянатаў Еўропы 2011 года. На ранейшы ўзровень неабходна вярнуцца юнацкім і юніёрскім камандам, «а то атрымліваецца як у хакеі: цотны год у вышэйшым дывізіёне праводзім, няцотны — у першым», заявіў Качан.

Раней, выступаючы на канферэнцыі, старшыня БФФ Генадзь Нявыглас выказаў меркаванне, што нацыянальная зборная здольная выйсці ў фінальную частку Еўра-2012.

Паводле яго слоў, у адборачным цыкле чэмпіянату свету-2010 зборная не выканала пастаўленую задачу, заняўшы чацвёртае месца ў сваёй адборачнай групе. «Працы трэнерскага штаба была дадзена жорсткая і крытычная ацэнка, аднак адзначаны крокі па стварэнні аптымальнага складу і прывіцці сучаснай мадэлі гульні», — сказаў Нявыглас. У сувязі з гэтым Бернду Штанге і яго памочніку Харальду Ірмшэру быў аказаны давер на наступны адборачны цыкл. Як адзначыў кіраўнік БФФ, такое рашэнне было падтрымана большасцю прыхільнікаў футбола.

«Мы верым у каманду, якая, валодаючы сучаснымі методыкамі, здольная рэальна дасягнуць нашай мары. Мы рэалісты і разумеем, што для гэтага патрэбна скокнуць вышэй за свае магчымасці і здзейсніць подзвіг. Але той клімат, тая гатоўнасць, якія прадэманстраваў апошні збор, сведчаць, што каманда можа выканаць задачу», — заявіў Нявыглас.

14 сакавіка 2009 года, на папярэдняй справаздачнай канферэнцыі БФФ, тагачасны міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгараў паставіў перад маладзёжнай зборнай задачу змагацца за званне чэмпіёна Еўропы. «Упэўнены, што маладзёжная каманда здольная змагацца як мінімум за медалі», — заявіў міністр.

У выніку каманда заняла сёмае месца ў фінальным турніры, які прайшоў у чэрвені ў Швецыі. У канцы ліпеня памёр галоўны трэнер каманды Юрый Курненін, якога шэраг СМІ крытыкавалі за няўдалае выступленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?