Што абярэ ўлада — рызыку раззлаваць мінчан у перадвыбарны год ці магчымасць пакінуць $75 мільёнаў у бюджэце?

Пастанова № 101, прынятая Мінгарвыканкамам у студзені мінулага года, вось ужо год з’яўляецца для мінчан, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, промнем свету ў цёмным царстве. Згодна з дакументам,

атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва кватэры можа кожны «чаргавік».
Чакаць дваццаць год стала неабавязковым — быў бы свой стартавы капітал.
За 2009 год магчымасцю скарысталіся 2500 чалавек.
Але цяпер над ініцыятывай мінскіх уладаў зноў згусціліся хмары. «Дакументы не прымаем, а калі і пададзіце іх, то будзе адмова ў крэдыце», — безапеляцыйна кажуць у выканкамах.

Праблемная пастанова

З часу прыняцця дакумента яго ўвесь час пераследавалі скандалы і непаразуменні. Спачатку высветлілася, што пастанова Мінгарвыканкама супярэчыць прэзідэнцкаму ўказу. У кіраўніка дзяржавы было напісана — выдаваць льготны крэдыт, толькі калі падыйдзе чарга. Між іншым, у Мінску яна дасягнула дваццаці гадоў. Але сталічныя ўлады бачылі, што новабудоўлі стаяць пустымі, таму ў нейкай ступені згадзіліся плюнуць на сацыяльны прынцып чаргі, і далі «чаргавікам» карт-бланш. Маўляў, можаце будавацца — будуйцеся, а ўлада дапаможа крэдытам. Два месяца перамоваў прывялі да кампраміса, і рашэнне Мінгарвыканкама стала выконвацца.

Наступная праблема з’явілася напрыканцы 2009 года, калі раптоўна скончыліся грошы на крэдыты ўсім ахвотным будавацца. Людзі трапілі ў непрыемную сітуацыю — прыйшоў час чарговага шматмільённага плацяжа, а дзяржава была не ў стане выканаць свае абавязацельствы. Прыйшлося займаць грошы па знаёмых, пакуль «Беларусбанк» не здолеў нарэшце знайсці дадатковыя сродкі.

Адцягвалі да апошняга

Новы год прынёс новыя складанасці.

Старых «чаргавікоў» абслугоўвалі, але новым ахвотным атрымаць крэдыт грошай не давалі.

Паводле працэдуры, адміністрацыі мінскіх раёнаў мусяць на працягу месяца разгледзіць дакументы. Калі ў паперах няма памылак, выканком накіроўвае спісы «чаргавікоў» у банкаўскія філіялы, тыя, у сваю чаргу, за тыдзень-другі заводзяць крэдытныя лініі. Працэс пайшоў толькі 17 сакавіка. Пасля двухмесячнага маўчання ўладаў. Дазвол атрымалі тыя, хто падаў дакументы ў студзені, і частка «лютаўцаў».

Варта разумець сітуацыю — людзі маюць права звярнуцца па крэдыт, толькі заключыўшы дамову з забудоўшчыкам. Такія дамовы прадугледжваюць неадкладнае унясенне першага плацяжу ў памеры 10–25% ад кошту кватэры. Такім чынам, «чаргавікі» спачатку плацяць $5–20 тысяч, і толькі пасля вымушаны чакаць вердыкту, ці дапаможа ім дзяржава. Чаканне расцягваецца на месяцы. А час рабіць другі ці нават трэці плацёж падыходзіць няўмольна.

Хто ўскочыць у апошні вагон?

Пакуль «студзеньцы» і «лютаўцы» ў эйфарыі чакаюць грошы ад банку, тыя, хто не паспеў падаць дакументы і разлічвае зрабіць гэта ў найбліжэйшы час, кусаюць локці.

Супрацоўнікі некаторых мінскіх райвыканкамаў, напрыклад Цэнтральнага, кажуць адкрытым тэкстам: «Праграма закрываецца. Дакументы не прымаем, а калі і пададзіце іх, то будзе 100%-ая адмова ў крэдыце». Іншыя, як у Фрунзенскім, раюць чакаць і асабліва не настройвацца на станоўчы вынік.

Сярод іншых варыянтаў разгортвання падзей ёсць і такі —

чарга фактычна будзе падзелена на «шчасліўчыкаў» і «няўдачнікаў».
Прынцып падзелу — год пастаноўкі ў спіс «чаргавікоў». То бок тыя, хто, напрыклад, чакае кватэру з 1989 да 2000 году, зможа разлічваць на пазачарговае будаўніцтва і 5%-ны крэдыт. Астатнія — не. Давялося чуць і пра іншую магчымую мяжу — 2004 год. Пры любым з такіх варыянтаў дзяленне «на касты» выклікае яшчэ большую незадаволенасць грамадзян.

Разглядаецца і ідэя павелічэнне крэдытнай стаўкі — да 7% ці нават да 10%. Крэдыт усё роўна будзе называцца льготным, але тым самым частка ахвотных з невялікім заробкам будзе адсечана ад спісу прэтэндэнтаў на неадкладанае будаўніцтва.

Кропля пазітыву

«Сабака брэша — вецер носіць», — кажа народная мудрасць. Сапраўды, пакуль што ніхто з высокіх чыноўнікаў публічна не пацвердзіў чуткі аб зварочванні праграмы. Перадвыбарныя гады заўсёды бываюць часам залагоджвання насельніцтва.

Той чыноўнік, хто задумае іншую жыллёвую рэформу, невыгадную для людзей, падкладзе свінню Лукашэнку.
Ці захоча нехта з іх так рызыкаваць? — рытарычнае пытанне.

Кошт 5%-ных крэдытаў на пазачарговае будаўніцтва не самы высокі для дзяржавы. Нават калі палічыць, што ўсе леташнія крэдыты атрымлівалі сем’і з трох чалавек — а яны прэтэндавалі на найбольшыя грошы, — кошт адной дапамогі складаў $30 тысяч. Агулам — $75 мільёнаў. Якія неўзабаве пачнуць вяртацца ў бюджэт.

Дадатак 1. Сем падводных камянёў «пазачарговага» будаўніцтва з крэдытам пад 5% гадавых на 20 год:

1. Разлічваць на 5%-ны крэдыт могуць толькі малазабяспечаныя людзі (ці сем’і). Для гэтага даход на кожнага чалавека мусіць не перавышаць 1 мільён 185 тысяч рублёў.

2. Дзяржава дае крэдыт на плошчу з разліка 20 квадратных метраў на чалавека. Астатнюю плошчу кватэры пакупнік аплачвае ўласнымі грашыма.

3. Крэдыт не пакрывае 100% будуемага жылля. Дзяржава выдае грошы, улічваючы кошт квадратнага метра ў доме «тыпавых спажывецкіх якасцяў». Гэта ад 2,1 да 2,4 мільёна рублёў. Рэальна ж квадратны метр у прыватнага забудоўшчыка каштуе ад 3,1 мільёна і даражэй. Розніцу пакупнік кватэры аплачвае ўласнымі грашыма.

4. Пасля пабудовы кватэры з прыцягненнем 5%-ага крэдыта вы выкрэсліваецеся з чаргі і не маеце права на будаўніцтва льготнага жылля па дзяржаўных цэнах (каля $600 за квадратны метр).

5. Перад тым, як звярнуцца ў выканкам з просьбай аб выдачы крэдыта, трэба заключыць дамову з забудоўшчыкам і — у большасці выпадкаў — аплаціць 10–25% кватэры ўласнымі грашыма.

6. Дзяржава дае крэдыт на будаўніцтва далёка не ў кожным доме прыватнага забудоўшчыка.
Спіс нешматлікіх «дазволеных» дамоў можна ўбачыць на сайце Мінгарвыканкама minsk.gov.by, знайшоўшы «Графік будаўніцтва (рэканструкцыі) і фінансавання жылых дамоў па Мінску на 2010 год».

7. Калі грошай на ўнясенне сваёй абавязковай часткі не хапае, можна ўзяць яшчэ адзін крэдыт. Але пад большую стаўку — ад 17%. Яшчэ адна цяжкая задача — даказаць, адкуль у малазабяспечанай сям’і грошы на пагашэнне адразу двух крэдытаў.

Дадатак 2. Прыблізныя падлікі кошту кватэр*

*зыходная сітуацыя — кватэра, якая будуецца прыватным забудоўшчыкам у спальным раёне ў 12-павярховым доме, для людзей, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Прыклад 1:

Мужчына будуе аднапакаёвую кватэру плошчай 45 кв.м

Кошт кватэры — 3 150 000 (кошт квадратнага метра кватэры) * 45 (колькасць квадратных метраў) = 141,8 мільёна рублёў ($47,3 тысячы)

Магчымы памер крэдыта — 36 (норма квадратных метраў на аднаго чалавека ў аднапакаёвай кватэры, для іншых кватэр — 20 квадратных метраў на чалавека) * 2 400 000 (кошт квадратнага метра тыпавой дзяржаўнай кватэры) = 86,4 мільёна ($28,8 тысячы)

УЛАСНЫЯ СРОДКІ — 141,8 мільёна — 86,4 мільёнаў = 55,4 мільёна ($18,5 тысячы)

Прыклад 2:

Муж і жонка будуюць двухпакаёвую кватэру плошчай 60 кв.м

Кошт кватэры — 3 150 000 * 60 = 189 мільёнаў рублёў ($63 тысячы)

Магчымы памер крэдыта — 40*2 400 000 = 96 мільёнаў ($32 тысячы)

УЛАСНЫЯ СРОДКІ — 189 мільёнаў — 96 мільёнаў = 93 мільёна ($31 тысяча)

Прыклад 3:

Муж, жонка і дзіцёнак будуюць аднапакаёвую кватэру плошчай 45 кв.м

Кошт кватэры — 3 150 000 * 45 = 141,8 мільёна рублёў ($47,3 тысячы)

Магчымы памер крэдыта — 45*2 400 000 = 108 мільёнаў ($36 тысяч)

УЛАСНЫЯ СРОДКІ — 141,8 мільёна — 108 мільёнаў = 33,8 мільёна ($11,3 тысячы)

Прыклад 4:

Муж, жонка і дзіцёнак будуюць двухпакаёўвую кватэру плошчай 60 кв.м

Кошт кватэры — 3 150 000 * 60 = 189 мільёна рублёў ($63 тысячы)

Магчымы памер крэдыта — 60*2 400 000 = 144 мільёна ($48 тысяч)

УЛАСНЫЯ СРОДКІ — 189 мільёна — 144 мільёна = 45 мільёнаў ($15 тысяч)

Прыклад 5:

Муж, жонка і дзіцёнак будуюць трохпакаёвую кватэру плошчай 90 кв.м

Кошт кватэры — 3 150 000 * 90 = 283,5 мільёна рублёў ($94,5 тысячы)

Магчымы памер крэдыта — 60*2 400 000 = 144 мільёна ($48 тысяч)

УЛАСНЫЯ СРОДКІ — 283,5 мільёна — 144 мільёнаў = 139,5 мільёна ($46,5 тысячы)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?