Апошнім часам вандрую. Заўсёды з фотаапаратам. На наступныя 12 дзён плян: Менск-Барсэлёна-Пэрпіньян і ў адваротным накірунку. Еду на галоўны фотафэстываль фотажурналістаў “Visa pour l'Image” ў Пэрпіньян, што на мяжы Францыі ды Гішпаніі. На яго прыяжджаюць фатографы і фотарэдактары ўсіх сусьветных газэт і агенцый, 7 дзён, 24 гадзіны нон-стоп, прагляды партфоліё, выставы, перамовы, зразумела – сябры, віно і чаго крапчэйшага. Паехаў.

Дзень 1. Нядзеля, 3 верасьня.

Рыга. Знаёмыя працуюць у сучаснай галерэі відэамастацтва. Галерэя – старая баржа з празрыстым намётам на ёй. Відэаінсталяцыі, архіў відэамастацтва Латвіі з 1988 – хістаюцца на хвалях у галерэі “Ноеў каўчэг”. На маніторы выбіраеш патрэбны фільм зь бібліятэкі і глядзіш на сьценку над маніторам – там караценькія фільмы. Я ў арт-відэа і арт-фота разумею вельмі абмежавана.

Сёньня ў галерэі сьвяткавала свой дзень народзінаў міністар культуры Латвіі. Госьці – інтэлігенцыя: пісьменьнікі, архітэктары, мастакі, музыкі… У сярэдзіне залі стаіць макет Музэю сучаснага мастацтва. Архітэктар з кілішкам віна абмяркоўвае яго са знаёмымі, знаёмыя – з кілішкамі. Госьці віншуюць міністра – ніхто не прынёс аднолькавых кветак, падарункі дарыць чыноўнікам забаронена законам – усе дораць бутэльку віна. Віно выстаўляецца на спэцыяльны стол ля ўваходу – потым вып’ем і гэтае віно. Экс-прэм’ер-міністар зараз вельмі багаты чалавек, прыехаў на маторнай лодцы. Жыве ён недалёка, некалькі кварталаў па рацэ. Без патасу, так выгодней. І гучней. Міністар размаўляе з усімі, увесь час пасьміхаецца.

Ідзе дождж, праз празрысты плястык бачная старая Рыга – шпілі касьцёлаў, салют над імі – ніхто са знаёмых ня ведае, у гонар чаго.

Сюрпрыз ад сяброў – запрошаныя музыкі, што граюць на кілішках з рознай колькасьцю вады. Пазьней пад трафарэты балёнчыкамі фарбы калектыўна намалявалі ў падарунак карціну.

Усё. Пайшлі з маім сябрам-фатографам дамоў. Выпілі ўтраіх – я, ён, ягоная жонка Ліга — майго самагону, пагаварылі.

Здымкі не рабіў – этыкет забараняе фатаграфаваць на мерапрыемствах такога кшталту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0