«У мінулыя выхадныя дні ў Беларусь прыйшла сапраўдная вясна — тэмпература паветра была на 5‑10 градусаў вышэйшая за кліматычную норму. Дзённая тэмпература склала 6‑13 градусаў цяпла, а на паўднёвым захадзе краіны пацяплела да 15 градусаў.

Такое актыўнае цяпло прывяло да бурнага раставання снегу. У паўднёва‑заходняй частцы Беларусі снег практычна растаў. На паўночным усходзе вышыня снежнага покрыва вагаецца ад 1 да 28 см», — расказала Вольга Фядотава.

На гэтым тыдні надвор’е абяцае быць няўстойлівым. У аўторак, 23 сакавіка, істотных ападкаў не чакаецца, толькі ў паўночна‑заходніх раёнах пройдзе невялікі дождж. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца.

Тэмпература паветра ноччу панізіцца да 7 градусаў марозу.

Удзень у паўночнай частцы рэспублікі чакаецца 2 градусы цяпла, на поўдні краіны — да 11 градусаў вышэй за нуль.

У сераду рухомы атлантычны цыклон прынясе ў Беларусь ападкі — у начныя гадзіны на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаецца дождж. Удзень кароткачасовы дождж пройдзе ў паўночна‑ўсходніх раёнах. Тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца ад 3 да 10 градусаў цяпла. На паўднёвым захадзе слупок тэрмометра пакажа плюс 14 градусаў.

Паводле слоў Вольгі Фядотавай, у чацвер, 25 сакавіка, наша краіна зноў апынецца пад уладай вобласці павышанага атмасфернага ціску. Ападкаў не чакаецца. Пад раніцу месцамі магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 5 градусаў марозу да 1 градуса цяпла. У паўночна‑ўсходніх раёнах чакаецца мінус 8 градусаў.

Удзень сакавіцкае сонца прагрэе паветра да 6‑13 градусаў, а ў Брэсцкай вобласці — да 15 градусаў вышэй за нуль.

У пятніцу на тэрыторыю Беларусі пачнуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага захаду Еўропы, якія прынясуць цёплае, але ветранае надвор’е. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень на паўночным захадзе магчымы кароткачасовы дождж.

Тэмпература паветра будзе вагацца ад 7 градусаў цяпла на поўначы да 18 градусаў цяпла ў паўднёвых раёнах. Праўда, парывісты паўднёва‑ўсходні вецер будзе крыху змяншаць адчуванне цяпла.

У выхадныя дні надвор’е будзе заставацца няўстойлівым. Пад уплывам паўднёвага цыклону, які будзе перамяшчацца праз заходнія раёны Беларусі да паўночнага ўсходу, у гэтыя дні ў многіх раёнах краіны пройдуць дажджы, а дзе‑нідзе ў суботу магчымы навальніцы.

Тэмпература паветра складзе 9‑16 градусаў цяпла, на паўднёвым усходзе — плюс 18 градусаў.

У нядзелю, 28 сакавіка, па меры перамяшчэння цыклону і паступлення на тэрыторыю рэспублікі больш халаднаватага паветра з Заходняй Еўропы, стане на пару градусаў халадней. Але ў цэлым, адзначыла Вольга Фядотава, тэмпературны фон гэтага тыдня будзе на 5‑10 градусаў вышэйшы за кліматычную норму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?