22.03.2010 / 17:56

Вялікія княгіні і ворагі ВКЛ у адным томе 3

Выйшаў трэці том энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае».

Выйшаў трэці том энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». Тут у алфавітным парадку: звесткі аб найбольш значных гістарычных постацях, культурных дзеячах, прававых помніках ВКЛ, якія не патрапілі ў першыя два тамы.

«У том мы таксама

ўключылі папулярную цяпер гендэрную тэматыку — імёны і звесткі пра вялікіх княгін літоўскіх,
— кажа адзін з рэдактараў выдання Юры Бажэнаў. — Не забыліся і пра зацятых ворагаў Княства: на старонках энцыклапедыі — дадзеныя пра ўсіх магістраў Тэўтонскага Ордэна».

Як і папярэднія тамы, гэтае выданне багата ілюстраванае фотаздымкамі, малюнкамі, картамі і планамі. Афармляючы ёмісты том, мастак Зміцер Герасімовіч, трымаўся ранейшага кацэпту: партрэты дзеячоў ВКЛ узяты выключна старадаўнія, а вось архітэктурныя славутасці прэзентуюцца фотаздымкамі або рысункамі Напалеона Орды.

Да трэцяга тома энцыклапедыі ёсць немалыя дадаткі: гэта тэксты Крэўскай уніі, Прывілеяў і усе тры рэдакцыі прававой асновы сярэднявечнага гаспадарства — Статута ВКЛ.

У стварэнні фундаментальнага даведніка ўдзельнічалі навукоўцы Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук.

Паўнакроўна кнігу прадставілі ў сталіцы Вялікага Княства. Гэта адбылося пры канцы лютага на Віленскім кніжным кірмашы. На прэзентацыю завітала нават літоўская прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце.

«Пакуль рэакцыі з боку літоўскіх спецыялістаў на трэці том мы не маем, — дадае Юры Бажэнаў. — Але, нягледзячы на адрозныя трактоўкі гісторыі, першыя два тамы літоўцы ацанілі высока. Спадзяемся, што належна ацэняць і трэці».

Наклад энцыклапедыі досыць вялікі — 3 тысячы.

Кнігу можна набыць за 41 тысячу (а цана за ілюстраванае , 694-старонкавае выданне — памяркоўная) ў кнігарні «Энцыклапедыя», завулак Калініна, 16, другі паверх).

Лявон К.

0
S.Rusiecki / Адказаць
22.03.2010 / 23:49
"Інстытута гісторыі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" - коска пасля слова "Крапівы" лішняя.
0
ofa / Адказаць
23.03.2010 / 10:30
Наклад 3 тыс. - гэта роўна палова ад накладу 1 і 2 тамоў. Таму казаць "досыць вялікі" крыху некарэктна. Цікава, што "Беларусь" акурат перавыдала Статут 1588, а тут такі "сюрпрыз"...
0
АМ / Адказаць
23.03.2010 / 12:01
Ну вось. А месца на паліцы ўжо няма. Будзем расчышчаць)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру