22.03.2010 / 17:57

Памёр Кастусь Тарасаў дадаўся аповед пра апошнія гады жыцця пісьменніка. Уражлівыя дэталі 33

Яго цела было знойдзена ва ўласнай кватэры ў панядзелак. Жыў Кастусь Тарасаў адзін на здымнай кватэры. Прапіску меў «Рэспубліка Беларусь». Мы яшчэ смяяліся, што ў кагосьці кватэра, а ў Кастуся цэлая рэспубліка.

svaboda.org

На 70-м годзе жыцця памёр знакаміты беларускі пісьменнік, гісторык і журналіст Кастусь Тарасаў. Яго цела было знойдзена ва ўласнай кватэры ў панядзелак.

У красавіку 2006 г. пісьменнік перанёс інсульт.

«Апошні свой ліст Кастусь Тарасаў адправіў па е-мейлу 19 сакавіка. Учора мне патэлефанавала яго сястра, турбавалася, што Кастусь не адказвае на тэлефон, — расказвае мэнэджэр Сяргей Кручкоў, блізка знаёмы з пісьменнікам. — Сёння я пайшоў на кватэру, якую здымаў Кастусь Тарасаў, — ён не адмыкае. Падумалі ўжо самае страшнае — так і выйшла, ён ужо нежывы.

Жыў Кастусь Тарасаў адзін на здымнай кватэры. Прапіску меў «Рэспубліка Беларусь». Мы яшчэ смяяліся, што ў кагосьці кватэра, а ў Кастуся цэлая рэспубліка. Прапіска яго такая, бо пашпарт рабіў у Расіі, а дакладнага месца прапіскі не меў, бо кватэру ўласную на той момант ужо прадаў. У Расіі ён быў на рэабілітацыі пасля інсульту, там і наноў вучыўся гаварыць.
Увесь час выбачаўся, што навучыўся гаварыць толькі па-расейску. Па-беларуску добра пісаў, а гаварыць было складана пасля інсульту.
Яго смерць надзвычай добра паказвае, якім ён быў чалавекам. Кастусь быў сціплым, нікога не хацеў абцяжарваць.
Памятаю, як мы на ТБМ прапаноўвалі яму адзначыць 60-годдзе. Кастусь прасіў: не трэба, не арганізоўвайце, я не прыйду. Думалі, што гэта сарамлівае, усё адно імпрэзу арганізавалі. А ён насамрэч не прыйшоў, хаця была замоўлена зала ў кінатэатры «Змена», і людзі сабраліся.
Жыў Кастусь Тарасаў надзвычай сціпла. Уся пенсія сыходзіла на аплату кватэры. Усё, што зарабляў, выдаткоўваў на ежу. І падарункаў не браў. Таму кожны з нас прыдумляў нейкую нагоду для таго, каб перадаць што-небудзь. А.Дудараў перадаваў яму па 100 тыс. штомесяц, нібы за нейкую п’есу. Думаю і не было той п’есы, але Кастусь Тарасаў ні падарункаў, ні грошаў не ўзяў бы. Усе мы гэта ведалі.

Кастусь Тарасаў гэтым летам збіраўся да дачкі і ўнучкі паехаць ў Эстонію. Шкада, не дажыў».

* * *

Кастусь Тарасаў нарадзіўся ў Мінску 10 кастрычніка 1940 г. у сям’і служачых.

Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў слесарам‑зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут (1965), працаваў у Паўночна‑заходняй геалагічнай экспедыцыі. Потым у выдавецтве «Вышэйшая школа», на кінастудыі «Беларусьфільм», часопісе «Нёман» (1977-1983), газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Спадчына», газеце «Свабода». Апошнія месяцы друкаваў гістарычныя нарысы ў «Новым часе».

Кастусь Тарасаў друкаваўся ад 1966 г. Аўтар гістарычных аповесцей пра мінулае Беларусі: «Дзень рассеяння» (пра Грунвальдскую бітву, 1980), «Пагоня на Грунвальд», рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды». Аўтар культавага ў 1980‑я — першай палове 1990‑х зборніка «Памяць пра легенды» (першае выданне ў 1984 г, другое пашыранае выйшла ў 1990-м). Цэлае пакаленне 80-каў і 90-каў вырасла на ягоных творах.

Глядзі таксама:
Апошняя аповесць пісьменніка - «На вайне»
Творы пісьменніка на Беларускай палічцы

nn.by

0
MK / Адказаць
22.03.2010 / 17:59
Да сёньня памятаю першае, шчэ расейскамоўнае выданьне “Память о легендах”. Вечная памяць і ўдзячнасьць.
0
Мікіта / Адказаць
22.03.2010 / 18:49
"Пагоня на грунвальд". Чытаў. Вечная памяць.
0
Алесь Квіткевіч / Адказаць
22.03.2010 / 19:05
Спачуваньні сваякам і блізкім людзям гэтага вялікага чалавека. Вельмі шкада, што ён не пасьпеў пабачыць перавыданьня кнігі "Пагоня на Грунвальд", якую пасьпеў дапрацаваць і аддаць рукапіс у працу... Кніга выйдзе ў гэтым годзе і будзе прысьвячэньнем спадару Кастусю. Вечная памяць.
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру