У чэрвені я пабываў у Менску, на IV Міжнародным кангрэсе беларусістаў. Фатаграфуючыся ў цэнтры, там, дзе ў 1917-м зьбіралася Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, я лавіў сябе на адной думцы: як цесна перапляліся гістарычныя лёсы беларусаў і ўкраінцаў. Лютаўская рэвалюцыя засьпела ў Менску ўкраінцаў, якім неўзабаве наканавана было стаць славутымі. Аляксандар Яната (1888-1938) - слынны аграном і батанік, правадзейны член Акадэміі навук УССР - у 1917 г. быў у Менску сакратаром Украінскага вайсковага камітэту Паўднёва-Заходняга фронту. Васіль Аўраменка (1895-1981) - вядомы ў сьвеце харэограф, актор, дасьледчык і знаўца ўкраінскіх танцаў. У Першую сусьветную знаходзіўся ў Менску.

Але самае знакамітае - імя Сымона Пятлюры. На Заходнім фронце Пятлюра займаў пасаду намесьніка ўпаўнаважанага Саюзу земства і гарадоў, які загадваў забесьпячэньнем арміі. Напаўваенная пасада дазваляла яму бываць у вайсковых часьцях, весьці палітычную работу сярод украінцаў. У красавіку 1917 г. ён арганізуе правядзеньне ў Менску ўкраінскага зьезду Заходняга фронту. Зьезд стварыў Украінскую франтавую раду на чале зь ім.

Далейшая біяграфія Пятлюры выпісана дэталёва. Ён быў на вачах. А папярэдні менскі пэрыяд выглядае цьмяна. Выручылі ўспаміны сучасьніка - вышэйзгаданага В.Аўраменкі, які з 1925 году жыў у Канадзе, а з 1928-га - у Нью-Ёрку, дзе і памёр.

Менскі пэрыяд жыцьця Васіль Аўраменка ўзнавіў ва ўспамінах "На хвалях рэвалюцыйных гадоў", апублікаваных у 1978 г. у альманаху Ўкраінскага народнага саюзу.

Родам Васіль Аўраменка зь вёскі Сьцебліў на Чаркашчыне. Напярэдадні падзей, якія апісваюцца, Васіль быў паранены і прыехаў у Петраград. Хадзіў, згадвае ён, у опэру, у тэатры. Уражальная дробязь - штрых эпохі: быў такі парадак, што параненыя мелі нашыўкі - яны сядзелі з жанчынамі, а ўсе палкоўнікі ці генэралы, пакуль сьвятло ня згасьне, - стаялі…

Мікола Чабан

Менск-Днепрапятроўск,

23.07.2005

З успамінаў Васіля Аўраменкі "На хвалях рэвалюцыйных гадоў"

Паабяцалі мне водпуск на тры месяцы, а калі б я захацеў ажаніцца, дык і маёнтак прыпісалі б. Але я папрасіў дазволу, каб адпусьцілі мяне паехаць на Беларусь, у Менск.

Камандаваньне згадзілася, далі мне досыць грошай, нават купілі шубу. Маючы водпуск і грошы, я захацеў сабе каманду ачуньваючых, прыехаўшы ў Менск. Сярод ачуньваючых быў такі Варвак, меў трупу "маларасейскую". Хоць сам ён быў жыд, ведаў нашу мову, умеў ставіць прадстаўленьні ўкраінскія. У трупе шмат было таксама жыдоўскіх актораў. На прадстаўленьні прыходзілі і генэралы, і шмат хто з генэральнага штабу.

Я вельмі любіў ставіць для салдат камэдыі. Але нядоўга давялося імі цешыцца, бо аднаго разу прыйшлі і абвясьцілі мне, што настала рэвалюцыя, хоць яны і былі з генэральнага штабу. Я спачатку ня мог дазнацца, што такое рэвалюцыя. "Цар адрокся ад прастолу", - сказалі. Я зьдзівіўся - як жа ж: а восьмай гадзіне мы яшчэ сьпявалі "Божа, беражы цара"!

Я распытваў яшчэ пра рэвалюцыю, ня мог зарыентавацца, хто такія дэмакраты, а хто сацыялісты. Вырашыў зрабіцца сацыялістам, загадаў зьняць царскі сьцяг, а павесіць чырвоны, хоць і ня ведаў сам, што і чаму. Сказаў толькі ўсім, і жыдам, каб ішлі заўтра зранку ў царкву, але каб ужо не сьпявалі "Божа, беражы цара", а маліліся за Часовы ўрад.

Выйшлі з царквы, салдаты ўзялі мяне на рукі і нясуць па вуліцы, а там, у гарадзкім садзе, ужо сход - тысячы людзей! "Мы ёсьць дэмакраты, мы - за працоўны народ, зямля сялянам, а фабрыкі і заводы для рабочых!.." "Мы - сацыял-дэмакратычная партыя! Ура-а-а!" А я ж сам зь сялян, я ж афіцэр, то я сабе і давай прамаўляць… Напісаў верш пра Расею. Я ім той верш прачытаў, а адзін бедны да мяне падступае і просіць, каб я яму даў "адзін хутарок", бо ў яго аж шасьцёра дзяцей…

На другі дзень я ўжо сабе вяду справы, калі раптам паведамляюць, што дэлегацыя прыйшла, Яната і Кавярдзінскі, першы - міністар нейкі. Павіталіся і дадалі: "Мы чулі, як вы прыгожа па-ўкраінску гаварылі". Я зьдзьвіўся, што яны сказалі "па-ўкраінску", а не "па-маларасейску", узрадаваўся. Яны паведамілі, што сёньня ў "Беларускай хатцы" ўвечары будзе сход некалькіх украінцаў, там будзе рэдактар Пятлюра, украінец зь Петраграду, будзе Лебядзінец, Ільляшэвіч, Прыходзька, Сіманенка і яшчэ нейкія дзьве жанчыны.

Узялі мяне ў карэту. Абкружылі "Беларускую хатку" аховай, каб ніхто лішні не зайшоў. Я прыехаў з маім ад'ютантам Іваненкам, які згадзіўся наводзіць парадак пры ахове.

На сходзе ўстаў С.Пятлюра і прамаўляў недзе з гадзіну, асабліва пра ўкраінскую губэрню. Я тады ўзьняўся і папрасіў, зьвярнуўшыся да яго "Сымон Васілевіч": "Прашу мне падаць назвы губэрняў украінскіх". Ён падаў мне недзе з 12 і сказаў, што прыедзе Гучкоў (У 1917 г. ваенны і марскі міністар у Часовым урадзе. - "НН"), і будзе вялікая нарада, а таксама што ўжо ёсьць Украінская Цэнтральная Рада; прыедзе палкоўнік Навахацкі зь Зялёнага Кліну, будуць хоры. Яшчэ ён сказаў так: "Як ужо пачнецца нарада і засьпяваюць "Мы ахвяраю ў баі"… па-ўкраінску, усе украінцы павінны заняць свае пазыцыі і нешта сказаць па-ўкраінску". Усё так і адбылося, і я там меў свой пункт. Адбылася нарада, за намі ішлі жыды…

Але пасьля нарады пачалася "кераншчына", пайшлі зьезды. Мы ўхвалілі сабраць украінцаў у Менску. Сымон Пятлюра тады быў у Земскім саюзе (...) ваенным чыноўнікам. Ён паклапаціўся пра залю вялікую, і мы дамовіліся, што нас прыйдзе недзе шасьцёра-сямёра, выберам прэзыдыюм.

Прыйшлі з Кавярдзінскім, а наглядальнікі, выключна з панямі, кажуць: "О, гэта маларосы зьбіраюцца", а нехта крыкнуў: "Камітэт!" Калі менавіта тут Пятлюра ідзе, дзякуй табе, божа. Кавярдзінскі кажа: "Вы будзеце старшынём збораў, я буду адкрываць, а ўсе астатнія - члены". Пятлюра ідзе, мы за ім, а тут нехта зноў крычыць: "Камітэт!" Кавярдзінскі ўстае і ня ведае, як гаварыць: "Гаспада, я прапаную сёньня абабраць старшынём гаспадзіна Пятлюру". А ўсе на тое: "Харашо, харашо", - запляскалі.

Пятлюра падняўся, ужо як старшыня, усе заціхлі, адбываліся зборы. Потым палкоўнік Жукоўскі (зь лістапада 1917 г. міністар ваенных спраў, міністар працы, увесну 1918 г. - міністар ваенна-марскіх спраў ва ўрадзе Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. - "НН") устаў і закрычаў: "Гаспадзін старшыня, я маю ўкраінскае сэрца і душу, я ня ўмею па-ўкраінску гаварыць, але я зараз памру за Ўкраіну!" - пасьля таго, як мы засьпявалі "Шчэ не вмэрла Ўкраіна"… А я сабе і кажу: "Дайце мне сказаць", - і толькі перамяніў у вершы пра Расею на Ўкраіну, а ўсе - "Ура-а!". Ужо мы маем сваю Цэнтральную Раду, свой хор, а ў Кіеве ўжо нашы палкі і г.д., вайсковы зьезд. Я ўжо парабіў казацкія жупаны, залатыя пагоны, шапкі з аколышкамі, хоць Керанскі і забараніў, мы ж былі яшчэ ў фэдэрацыі.

Сабраліся: Пятлюра, дваццаць чалавек, тры вагоны, паравоз, кулямёты - і ў Кіеў. Яны паехалі, а мы тут засталіся, палк[оўнік] Навахацкі і іншыя…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0