Мясцовы Астап Бэндэр падмануў случчакоў на 340 мільёнаў рублёў.

Махляр, якому мог бы пазайздросціць герой, праслаўлены Ільфам і Пятровым, збудаваў фінансавую піраміду, якая дазваляла яму нябедна жыць і прайграваць грошы ў казіно.

Слуцкі прадпрымальнік пазычаў грошы ў знаёмых, абяцаючы вярнуць з працэнтамі. Некаторым пазыкі вяртаў, займаючы грошы ў іншых бізнесменаў. Самая буйная сума, якую падсудны заняў у знаёмага, — 25 тысяч даляраў.

Акрамя таго, прадпрымальнік браў замовы на рамонт, рэстаўрацыю і выраб мяккай і корпуснай мэблі. Кліентаў ён знаходзіў па ўсёй краіне, размяшчаючы аб’явы ў мясцовай прэсе. Людзі аддавалі стопрацэнтную перадаплату, але ні мэблі, ні грошай больш не бачылі.

Час ад часу да прадпрымальніка звярталіся знаёмыя з просьбай дапамагчы прадаць аўтамабіль. Грошы ад продажу аўто махляр прысабечваў, а кліентаў карміў абяцаннямі аддаць пазней.

Неўзабаве ў міліцыю пасыпаліся заявы ад падманутых грамадзян. 81 крымінальная справа была аб’яднаная ў адну, і да моманту вынясення прысуду судом Слуцкага раёна ў ёй налічвалася 11 тамоў. Суд разглядаў крымінальную справу на працягу пяці месяцаў.

Па словах Сяргея Шараварава, памочніка пракурора пракуратуры Слуцкага раёна, маці падсуднага прыходзіла на кожнае пасяджэнне суда і прад’яўляла паперкі аб аплаце пазыкаў сына. Жанчына склала спіс усіх пацярпелых, якім адпраўляла грошы са сваёй пенсіі, пакідаючы сабе на самае неабходнае.

Як паведаміла карэспандэнту «Кур’ера» суддзя Юлія Паўленка, 24 сакавіка суд Слуцкага раёна прызнаў прадпрымальніка вінаватым у здзяйсненні махлярства ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт. 209 КК). Яго прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Згодна з рашэннем суда, усе маёмасць бізнесоўца будзе канфіскавана. Грошы, атрыманыя ад яго продажу, атрымаюць пацярпелыя, якія выставілі пазовы аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды.

Прысуд уступіць у сілу праз 10 дзён пасля вынясення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?