Мінскі гарадскі суд 26 сакавіка не задаволіў скаргу царквы «Новае жыццё». Вернікі абскарджвалі пастанову суда Маскоўскага раёна, які аштрафаваў абшчыну на 8 млн 750 тыс. рублёў за забруджванне навакольнага асяроддзя.

Гэта цягне за сабой не толькі выплату штрафу. Чыноўнікі Мінгарвыканкаму патрабуюць кампенсаваць шкоду прыродзе ў памеры амаль 263 млн рублёў. Такім чынам, вернікі павінны выплаціць каля 100 тысяч долараў ЗША.

Нагадаем, што ў лютым 2009 года чыноўнікі Мінгарвыканкаму выявілі сляды нафтапрадуктаў у пробах на праезнай частцы дарогі каля будынка царквы і зафіксавалі гэта як забруджванне навакольнага асяроддзя. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасці, а затым на ёй размяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адкідаў з рэшткамі аўтамабіляў.

На думку вернікаў, рашэнне суда было няслушным, бо чыноўнікі і суддзя не высветлілі ступень віны «Новага жыцця» ў забруджванні навакольнага асяроддзя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?