Сэзон «Свабоднага тэатру» адкрыўся маналёгамі майткоў і нецэнзурнаю лаянкай.

Новы сэзон «Свабоднага тэатру» распачаўся 4 верасьня брутальнай камэдыяй Паўла Пражко «Майткі». Прэм’ерны спэктакль ладзіўся на адкрытым паветры – пад тэнтам адной з кавярняў. Назвы – дзеля кансьпірацыі – не паведамлю, але адбывалася ўсё гэта пад самым носам афіцыёзу.

У афішцы, раздадзенай перад прэм’ерай «Майткоў», давалася тлумачэньне на расейскай мове, чым ёсьць гэты аб’ект сподняй бялізны.

Але ўсе пытаньні, чаму беларускі аўтар аддае перавагу расейскай мове, зьніклі самахоць пасьля таго, як пачаўся спэктакль. Акторы ў суворых філярманічных касьцюмах – згодна з «канцэртным выкананьнем п’есы» – адкрылі тэчкі і пачалі гучна дэклямаваць.

Сяміпавярховай лаянцы, аздобленай рэчытатывам, пазайздросьцілі бы й дасьведчаныя партовыя грузчыкі. Публіка аслупянела й зафыркала, быццам словы ..., ... і ... яна пачула ўпершыню.

Зьмест п’есы зводзіцца прыкладна да наступнага. Дзяўчына Ніна вывесіла сушыцца свае майткі-стрынгі. Іх скралі. Гераіня цяжка пакутуе, размаўляе з астатнімі майточкамі, моліцца, кепскі міліцыянт дамагаецца прыгажуні, а суседкі мараць спаліць на вогнішчы (чырвоная сьвечачка дадаецца). Ёсьць яшчэ іншаплянэтніцы, харавыя сьпевы майткоў і нябожчык у спальніку.

Героі гэтага дзікунскага трэш-авангарду даўно ня людзі, а пашкамутаныя зрыўкі гутарак. Савецкі «народны» хор гарадзкіх ускраін – узаконены Ёсіфам Бродзкім шчэ ў «Прадстаўленьні», асучасьніўся «дэрыдоўскімі» інтэрнэт-фразамі, трасянкаю і канвульсіямі цела (мінет, ваніты).

«Свабодны тэатар» зьдзейсьніў мару шматлікіх творцаў – зьнішчыў мяжу паміж жыцьцём і мастацтвам. Калі б актораў раптам арыштавала міліцыя, а мясцовыя забулдыгі дадалі свае рэплікі – гэта сталася б неад’емнай часткай спэктаклю.

Раз няма межаў, рэжысэрскія выбрыкі Ўладзімера Шчэрбаня немагчыма аддзяліць ад бамжовых прыкідаў, выдрасаваную акторскую ігру ад п’яных разборак, а драматургію Пражко ад «Панарамы». Тэкст ужо неадрозны ад асяродзьдзя.

Мікалай Халезін, адзін з кіраўнікоў «Свабоднага тэатру» кажа, што п’есу ў Латвіі й Расеі ўспрынялі дваіста: адныя казалі пра новае слова ў драматургіі, другія – што твор Пражко – пустышка. Гэта няслушная супярэчнасьць.

Для нас важна, наколькі спэктакль зьменіць тэатральны беларускі ляндшафт.

Тое, што практыка «Свабоднага тэатру» становіцца школай для беларускіх актораў, драматургаў і рэжысэраў, – гэта праўда. Беларускія акторы ў спэктаклях граюць – і прыходзяць іх паглядзець.

Таксама праўда, што п’еса Пражко – правакацыя, што да мясцовай тэатральна-акадэмічнае летаргіі. Але падобныя рэчы заўжды былі зьяваю пераходнаю. Ад дна адштурхоўваліся, каб убачыць Неба.

Ананімна-гвалтоўныя «дыскурсы» даўно выкрыў Бэкет. Перабудовачны чарнушнік Сарокін будаваў цэлыя п’есы на расейскім маце.

«У сучаснай трагедыі гіне не герой, гіне хор», – казаў шчэ ў 1970-я Бродзкі.

Хор сканаў, гледачы абсьмяяліся. Ці не запозна для Беларусі?

Болей фатаграфій у блогу Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?