05.09.2006 / 21:08

Прэмія Багушэвіча – аўтару энцыкляпэдыі рэпрэсаваных 4

Каб выдаць мартыралёг беларусаў, Леанід Маракоў прадаў уласнае аўто.

5 верасьня на сходзе Беларускага ПЭН-Цэнтру Леанід Маракоў быў уганараваны пачэснай прэміяй імя Францішка Багушэвіча. Уручаючы ўзнагароду, Уладзімер Някляеў адзначыў, што дасьледчык выканаў працу цэлага інстытуту. Шматтамовы даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991» ня мае аналягаў. Гэта свайго роду помнік, які пляменьнік паставіў свайму дзядзьку, Валер’ю Маракову, закатаванаму саветамі.

Каб выдаць даведнік «Рэпрэсаваныя...», пісьменьнік прадаў свой мікрааўтобус. Аднак праца гэтая далёкая ад завяршэньня. Увесь час адшукваюцца новыя і новыя зьвесткі. Як сумна пажартавалі калегі на сходзе ПЭН-Цэнтру, у Маракова яшчэ ёсьць кватэра. Вядома ж, РБ не дае на такія кнігі ні капейкі.

Між тым аўтар рыхтуе да друку яшчэ адну працу, якая мае працоўную назву «Толькі адна ноч». У кнізе зьмешчаныя біяграфіі расстраляных 27 кастрычніка 1937 г. , калі ў адну ноч былі расстраляныя каля 100 дзеячоў нацыянальнай культуры. Прыводзяцца таксама і зьвесткі пра іхных катаў, якія ў раскошы дажывалі свае дні на праспэкце Скарыны...

Ляўрэатамі літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча ў розныя гады станавіліся Кастусь Акула, Алесь Белы, Андрэй Катлярчук, Захар Шыбека, Ніна Стужынская і іншыя пісьменьнікі й гісторыкі.

Леанід Маракоў – празаік і гісторык, пляменьнік літаратара Валер’я Маракова, забітага ў 1937. Ён аўтар даведнікаў «Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст», «Вынішчэнне». Аўтар кніг прозы: «Непамяркоўныя I», «Непамяркоўныя II», «Трое», «100 мініяцюр». Выйшла тры тамы складзенага ім энцыкляпэдычнага даведніка «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991». Нарадзіўся ў 1958-м. Жыве ў Менску.

Фота Юліі Дарашкевіч

0
АК / Адказаць
05.09.2006 / 21:44
Супэр правільны выбар. Пра тэрор 30х трэба казаць і казаць. Задума новай кнігі пра ноч забітых паэтаў выдатная. Каб яшчэ Пэн беларускі паклапаціўся выдаць яе па-габрэйску ды ангельску. Вядома уласных грошаў няма але рэкляму зрабіць магчыма.
0
J.S. / Адказаць
05.09.2006 / 22:58
Нешта з часам ўсё менш зразумелымі становяцца крытэры адбору лаурэатаў на прэмію імя Ф. Багушэвіча. Калі ўчытацца ў афіцыйна абвешчанае, то "Літаратурная прэмія імя Францішка Багушэвіча прысуджаецца за выдатныя творы г і с т а р ы ч н а й п р о з ы, якія таленавіта і праўдзіва адлюстроўваюць невядомыя, звычайна, сфальсіфікаваныя старонкі мінулага, у праекцыі на праблемы сучаснага жыцця, вызначаючы еўрапейскую сутнасць нашай старадаўняй краіны". Гэта паводле сайту ПЭН-цэнтру. Калі зірнуць на спіс тых, хто яе атрымоўваў у розныя гады, то менавіта аўтараў гістарычнай прозы сярод іх мала. З часам прэмію ўсё больш атрымоўваюць аўтары гістарычных даследаванняў і я нічога супраць гэтага ня маю. Калі ня надта жорстка падыходзіць, то добра напісанае гістарычнае дасьледаваньне таксама можна палічыць гістарычнай прозай. Але, паводле якіх крытэраў была вылучаная на прэмію праца сп. Маракова, якую не тое што гістарычнай прозай назваць складана, але й арыгінальнай лічыць можна зь вялікімі агаворкамі, калі асабліва ня ўчытвацца ў зьмест. Цікава, ці той, хто прымаў рашэньне адносна ўручэньня прэміі, даўно бачыў яе першапачатковае апісаньне? І, галоўнае, ці чытаў сам зборнік па рэпрэсаваных спадара Маракова, дзе болей за 60 % матэрыялаў узятыя з розных энцыклапедычных і іншых даведнікаў (ды ня проста цытаваныя, а ўзятыя цалкам нават без асаблівага рэдагаваньня)? Можа варта перагледзець афіцыйныя падставы ўручэньня прэміі, бо неяк гэта ўсё выглядае на прафанацыю першапачатковае ідэі.
0
panuryk da AK / Адказаць
06.09.2006 / 12:26
Pra anhielski i habrejski varyjant - heta super. Mozhna paszukac sponsarau za miazoj. Dumaju, zacikaulenyja znojducca.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру