30 сакавіка нас чакае грандыёзнае свята класічнай музыкі. На Вялікай сцэне дзяржфілармоніі — фартэпіянны канцэрт Шапэна фа-мінор і твор беларускага кампазітара «Сярод зімы абрыс Шапэна». На сцэне толькі зоркі: за дырыжорскім пультам — новы мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў. За фартэпіяна — таленавіты малады музыкант з вялікай перспектыўнай будучыняй, лаўрэат шматлікіх конкурсаў Дзяніс Кажухін, які прысвеціць мінскай сцэне музычны вечар. Дарэчы, канцэрт Шапэна прагучыць у рэдкай арыгінальнай версіі толькі для струнных.

А яшчэ на сцэне мінскай філармоніі прагучыць твор вядомай беларускай кампазітаркі Ларысы Сімаковіч «Сярод зімы абрыс Шапэна» для струннага аркестра, фартэпіяна і клавесіна. У конадзень вялікага канцэрту Ларыса Сімаковіч кажа, што зіма ў назве музычнага твору ўжытая ў пераносным сэнсе, стасоўна людскога грамадства, і спадзяецца, што беларускай музыкі будзе гучаць больш.

«Наша Ніва»: Сп-ня Ларыса, дык знакам тым творчая вясна: творы беларускіх кампазітараў зноў гучаць са сцэны напоўніцу?

Ларыса Сімаковіч: Не зусім так. Сітуацыя з беларускай музыкай падобная на сітуацыю з беларускай мовай — у прынцыпе яна ёсць, толькі яе нідзе не чуваць. Вось хутка будзе з'езд кампазітараў, а што там будуць паказваць — адну паказуху, Ірыну Дарафееву… Да жалю ў краіне глухіх сыгранае беларускімі кампазітарамі завісае ў паветры і застаецца не пачутым.

Ларыса Сімаковіч — кампазітарка, рэжысёрка-пастаноўшчыца. У канцы 70-х была стварыла разам з паплечнікмі першы, альтэрнатыўны камсамольскім калектывам, нефармальны студэнцкі гурт «Майстроўня». Мэтай яго было адраджэнне культуры праз народныя спевы й старадаўнія традыцыйныя сьвяты. У пачатку 90-х — хормайстарка беларускага радыё й тэлебачаньня. Кіраўнічка унікальнага этна-тэатру «Госціца», які спалучае народныя песні з харэаграфічнымі нумарамі і фолк-мадэрновай стылістыкай, з-пад крыла якога выйшлі акторка Святлана Зелянкоўская, спявачка Паліна Смолава.

Ларысы Сімаковіч — аўтарка канцэртаў класічных твораў, а таксама эксперыментальных фольк-мадэрных пастановак «S—музыка» паводле паэмы Якуба Коласа. У пастаноўках Сімаковіч сплятаюцца народныя спевы, танцы, рокавыя кампазіцыі, а таксама драматычная частка і паэтычныя чытанні. Ларыса Сімаковіч часта сама бярэ чынны ўдзел у сваіх спектаклях: танчыць і спявае.

«НН»: А як жа з поспехам пастаўленая на сцэне філармоніі містэрыя «Дзень Максіма (Багдановіча)», з удзелам Святланы Зелянкоўскацй і NRM, пастаноўшчыцай якой вы з'яўляліся?

ЛС: Да жалю выявілася, што гэты спектакль нікому не патрэбны. Мы не атрымалі ніводнага званка з прапановамі паказаць спектакль яшчэ раз. Да таго ж, калі закранаеш нацыянальнае, трэба вельмі асцярожным, бо напрыклад па выніках спектаклю двух яго ўдзельнікаў нават нават выклікалі ў міністэрства культуры. Так што канцэрт, які адбудзецца 30 сакавіка, ды які будзе сапраўды вельмі якасны паводле гучання, — толькі адзіночны прыклад. Спектакль, які адбыўся дзякуючы Яўгену Бушкову, які вельмі паважна ставіцца да беларускай музыкі.

Такім парадкам, 30 сакавіка. Белдзяржфілармонія (Незалежнасці, 50). Дзяржаўны камерны аркестр РБ.

Фрыдэрык Шапэн. «Канцэрт 2 фа мінор».

Ларыса Сімаковіч. «Сярод вясны абрыс Шапэна».

Пётр Чайкоўскі «Успамін пра Фларэнцыю».

Пачатак а 19.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?