Выбухі ў маскоўскім метрапалітэне адразу выклікалі ў памяці серыю выбухаў у Расіі ў верасні 1999 году. Тады ў выніку падрыву жылых дамоў у Буйнакску, Маскве і Валгадонску загінулі больш за 300 чалавек.

Паводле афіцыйнай версіі, міжнародныя тэрарысты Эмір аль‑ Хатаб і Абу‑Умар, якія дзейнічалі ў Чачні, выкарысталі для арганізацыі тэрактаў групу карачаеўцаў на чале з Гачыяевым. Пяць гадоў таму члены гэтай групы Дзекушаў і Крымшамхалаў былі прызнаныя вінаватымі і асуджаны ў Маскве. (Яны адбываюць пажыццёвае пакаранне, Гачыяеў знаходзіцца ў федэральным вышуку.)

Ёсць і шмат неафіцыйных версій. Паводле адной з іх, да тых тэрактаў спрычыніліся расійскія спецслужбы. Паведамлялася, напрыклад, што ў падвале дома ў Разані знайшлі мех з гексагенам (гэтае рэчыва выкарыстоўвалася ў папярэдніх выбухах). Мясцовае аддзяленне ФСБ заявіла, што гэта былі ўсяго толькі вучэнні, і што ў мяху быў цукар.

У 2001 годзе на Захадзе выйшла кніга «ФСБ узрывае Расію». Адным з яе суаўтараў быў Аляксандр Літвіненка, пазней атручаны ў Лондане радыеактыўным цэзіем.

У кожным выпадку, тэракты 99‑га паслужылі дадатковым апраўданнем для Крамля у развязанні другой Чачэнскай вайны. А рэйтынг Уладзіміра Пуціна, які ў жніўні ўзначаліў расійскі ўрад (перад гэтым ён быў кіраўніком ФСБ) вырас да нябёсаў, і ў сакавіку 2000‑га ён без праблем перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Пачалася пуцінская эпоха.

Нягледзячы на абяцанне Пуціна мачыць тэрарыстаў у сартыры, якое ён даў на самым пачатку свайго прэзідэнцтва, тэракты ў Расіі за апошнія дзесяць гадоў адбываліся не аднойчы, у тым ліку ў Маскве. Праўда, у іх ёсць адна асаблівасць: адрозна ад тэрактаў Аль‑Кайды і іншых тэрарыстычных арганізацый за мяжой, у Расеі ніхто не бярэ на сябе публічную акдазнасць за іх. Ніхто пакуль не ўзяў на сябе адказнасць і за выбухі ў маскоўскай падземцы.

Як бы то ні было, гэтыя тэракты — выклік цяперашняму прэзідэнту Мядзведзеву. Барацьба за ўладу, якая ўвесь час адбываецца паміж рознымі групоўкамі пад коўдрай, апошнім часам стала яўнай нават для людзей, далёкіх ад палітыкі. Дайшло да таго, што прэзідэнт публічна заявіў аб невыкананні чыоўнікамі некаторых яго ўказаў і распараджэнняў і папярэдзіў іх аб адказнасці. А тут яшчэ заклікі да мадэрнізацыі, спроба рэфармаваць сілавую структуру — МУС і г.д. Палітыка Мядзеведзева, несумненна, выклікае вялікую незадаволенасць прынамсі часткі атачэння Пуціна. Яны хацелі б пэўных гарантый для яго перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2012 году.

Як паўплываюць маскоўскія выбухі на ўнутраную і замежную палітыку Расіі — пабачым бліжэйшым часам.

Што тычыцца ўладаў Беларусі, дык тэракты дазваляюць ім, як быццам, выкарыстаць сітуацыю ў вузка‑ прапагандысцкіх мэтах: глядзіце, маўляў, як усё добра і стабільна ў нас, і як кепска ў нашых сяброў‑спаборнікаў у Расіі.

Неяк па‑новаму, дарэчы, гучаць пасля тэрактаў у Маскве словы кіраўніка мінскай міліцыі Фармагея, якія ён прамовіў перад мітынгам апазіцыі 25 сакавіка. Ён казаў, быццам нейкія экстрэмісцкія элементы з Расіі рыхтуюць правакацыю накшталт той, што адбылася ў сталіцы Беларусі 3 ліпеня…

Зразумела, гэта ўсяго толькі супадзенне. Ды й нельга параўнаць выбух пакета з‑пад соку, у выніку чаго былі паранены некалькі чалавек, з падрывамі на станцыях метро, ахвярамі якіх сталі дзясяткі людзей. А вось хто атрымаў выгаду ў абодвух выпадках — іншая справа.

Падзеі ў Маскве самі па сабе трагедыя. Але яшчэ больш сур’ёзнымі ўжо цяпер падаюцца наступствы гэтых падзей, у тым ліку, у перспектыве, і для адносінаў Беларусі з Расіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?