Пра тэракты ў Маскве піша Алесь Чайчыц — аўтар новага блогу на НН.

Навіны пра тэракты чамусь успрымаюцца больш насьцярожана, калі ты далёка ад гораду, дзе яны адбываюцца, чым калі ты там. Падчас выбухаў каля ст.м. «Рижская» ў 2004 г. ці побач з гатэлем «Националь» у 2003 г. я быў у Маскве і чамусь тэрарыстычныя атакі ня выклікалі вялікага страху. Магчыма, гэта было нейкае пачуцьцё фаталізму ці, наадварот, аблягчэньне, што ты быў там, але, дзякаваць Богу, быў далёка ад месца выбуху (хаця праз станцыю «Рыская» я тады езьдзіў штодзень).

Зь іншага боку, у дзень выбуху паміж ст. м. «Аўтазаводская» і «Павялецкая» я знаходзіўся ў Саратаве, і ўжо было вельмі неспакойна за сваіх блізкіх у Маскве. Як і зараз.

Магчыма, гэта таксама эфэкт ад таго, што выбух здарыўся ў мэтрапалітэне — гэтай містычнай і інтымнай частцы Масквы,
месцам, дзе ты больш за ўсё судакранаесься зь ёю на шляху з дома на працу ці інстытут. Мэтро -- частка шматгадовай штодзённай руціны соцень тысяч жыхароў мэгаполіса — цырыманіяльна год за годам гучаць у вушах заклінаньні, «Осторожно, двери закрываются, следующая станция — Парк Культуры». Магчыма, здалёк усё гледзіцца страшней і адтуль складаней зьмірыцца з тым, што здарылася, чым калі ты побач.

Неперадухілены тэракт азначае, што адказныя людзі ня справіліся з сваёй працай і павінны быць пакараныя. Павінна працаваць правіла: «ня справіўся з адказнасьцю — пакідаеш пасаду». Так што

прэзыдэнту варта было б думаць пра ратацыю ў кіраўніцтве спэцслужбаў, ФСБ ці МУС. Але ж ну мы з вамі ўсё разумеем, праўда?
Расея працягвае ваяваць. І ня толькі яна — у Лёндане ў мэтро не працуе мабільная сувязь — я так разумею, гэта нязручнасьць зьяўляецца наступствам тэрарыстычнай атакі 2005 году.

Сёньняшнія выпадкі нагадалі, як сьмерць і гора можа ўварвацца і ў наша камфортнае мяшчанскае жыцьцё. Дый ня толькі ў выглядзе тэракту, але і іншымі, куды больш празаічнымі шляхамі. Нам застаецца быць па-самурайску гатовымі да ўсяго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?