30.03.2010 / 14:53

У Магілёўскай вобласці маюць збудаваць аквапарк 1

Пра гэта 30 сакавіка на пасяджэнні круглага стала ў Мінску паведаміла начальнік аддзела вадаправодна‑каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва‑камунальнай гаспадаркі Беларусі Валянціна Качаноўская.

Паводле яе слоў, рашэнне аб будаўніцтве аквапарка замацавана ў галіновай праграме развіцця пляжаў на вадаёмах у месцах масавага адпачынку насельніцтва на 2010—2015 гады, зацверджанай пастановай Мінжылкамгасу. Як паведаміла Качаноўская, пачатак будаўніцтва аквапарка запланаваны на 2013 год, аднак канчаткова месца для яго размяшчэння яшчэ не выбрана. Яна нагадала, што ў канцы мінулага года пачаў работу аквапарк у Кобрыне (Брэсцкая вобласць).

Акрамя гэтага, паводле слоў Качаноўскай, у рамках гэтай праграмы плануецца будаўніцтва 36 новых аб’ектаў у розных рэгіёнах Беларусі, сярод якіх 20 пляжаў, тры гідрапаркі, 12 набярэжных. Больш за 500 месцаў масавага адпачынку будуць поўнасцю ўкамплектаваны пляжным абсталяваннем, некаторыя з іх будуць абсталяваны аўтастаянкамі, дзіцячымі гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, пройдзе рамонт пад’язных шляхоў і г.п.

Як паведаміў выканаўца абавязкаў дырэктара УП «Мінскзеленбуд» Ігар Кушнярэвіч, сёлета прадпрыемства плануе абсталяваць для адпачынку пляж № 3 Цнянскага вадасховішча пад Мінскам. Там будуць пабудаваны паркоўкі, грамадская прыбіральня, абсталяваны месцы для гандлю, устаноўлена пляжнае абсталяванне і г.п. У 2009 годзе Мінскзеленбуд абсталяваў для адпачынку пляж на вадасховішчы Дразды. На добраўпарадкаванне пляжа ў сярэднім неабходна ад 4 да 6 млрд. рублёў.

Кушнярэвіч адзначыў, што да пачатку летняга сезона будуць падрыхтаваныя месцы адпачынку на шасці вадасховішчах паблізу Мінска — Заслаўскім, Драздах, Крыніцы, Вячы, Цнянскім, Пцічы. Будуць адрамантаваны і пафарбаваны пляжнае абсталяванне, грамадскія прыбіральні, абноўлены дарогі, праведзены санітарныя рубкі лесу каля зон адпачынку, устаноўлены кантэйнеры для смецця.

0
eisernWolf / Адказаць
30.03.2010 / 20:59
Цудоўна! А то куршавэль-шмуршавэль...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру