— Прабачце, не паверу — адказаў Воланд. Гэтага быць не можа. Рукапісы не гараць. М. Булгакаў. Майстар і Маргарыта. Упраўленне ідэалагічнай працы Віцебскага аблвыканкама заўсёды будавала сваю працу са сродкамі масавай інфармацыі, грамадскімі аб’яднаннямі, структурамі палітычных партый, канфесіямі канструктыўна, абапіраючыся на заканадаўчую базу Рэспублікі Беларусь, на аб’яднанне людзей розных поглядаў, і будзе рабіць гэта надалей. В. С. Мацкевіч, намеснік старшыні, 04.02.2010, вых.нум. К‑22/129

Часам страшна хочацца верыць у цуд. Ну, вось раптам спыняцца ўсе войны на зямлі, знікне галеча і голад, а беларускія чыноўнікі стануць выконваць Закон і паважаць Канстытуцыю? Чамусьці асабліва хочацца верыць у цуд зусім не пад Новы год, а вясной, у сакавіку, калі ўся зямля яшчэ моцна скаваная лёдам і марозам, а пах вясны ўжо кажа пра хуткую адлігу.

Увесну, 25 сакавіка, ва ўсіх беларусаў свята — Дзень Волі. У гэты дзень успамінаюць усіх, хто змагаўся і гінуў за свабоду і незалежнасць нашай сінявокай краіны. Але чамусьці чыноўнікі і міліцыя да зубоўнага скрыгату ненавідзяць словы «Воля» і «Свабода». А яшчэ больш чамусьці яны ненавідзяць словазлучэнне з двух словаў — «Свабода Слова».

25 сакавіка 2010 года віцебскія ўлады вырашылі паказаць, што «Віцебскаму Кур’еру» «век Волі не відаць».

Магчыма, нарэшце ўсвядомілі, што эканамічнай пятлёй, забаронамі на продаж, друк, адмовамі ў атрыманні ліцэнзіі і г.д. газету не прыдушыць. Вядома, як жа чыноўнікам вытрываць, калі любы жыхар можа расказаць усяму гораду аб канкрэтных выпадках чыноўніцкай анархіі. Некаторыя чыноўнікі любяць цішыню і цемру…

25 сакавіка 2010 году газету «Віцебскі Кур’ер» арыштоўвалі не ў горадзе. Яе арыштоўвалі на трасе, недалёка ад Лёзна, — далей ад людскіх вачэй. Машына, якая везла 10 000 асобнікаў газеты ў Віцебск, была спыненая з абсурднай прычыны: нібыта ў газеты няма выходных дадзеных. Любы лёгка можа пераканацца сам, ці ёсць у газеты выходныя дадзеныя, — яны ўнізе, на самай апошняй паласе. Любы іх можа ўбачыць — але іх ва ўпор «не ўбачыў» суддзя Лёзненскага раённага суда, які і прыняў рашэнне канфіскаваць наклад газеты «Віцебскі Кур’ер» «у даход дзяржавы».

Нагадаем, што ў 1994 годзе менавіта пад Лёзнам быў здзейснены замах на аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты — Аляксандра Лукашэнку. Здавалася б, чаму б лёзненскім міліцыянтам Рустаму Зайцаву і Аляксандру Рыбакову не расследаваць гэтае гучнае злачынства і не знайсці злачынцаў? Бо калі б замах быў удалым, прэзідэнтам Беларусі быў бы зусім іншы чалавек. Здавалася б, вось ён — наўпросты шлях да славы і вядомасці, а таксама бліскучай міліцэйскай кар’еры — знайсці зламыснікаў, што ледзь не адабралі жыццё ў Лукашэнкі. Але… Прайшло 16 гадоў, а «лёзненская справа» ўсё яшчэ ў спісе нераскрытых злачынстваў мінулага стагоддзя.

Ёсць, вядома, людзі, якія сцвярджаюць, што кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка зладзіў усё гэта сам, каб атрымаць галасы даверлівых выбаршчыкаў. Скептыкі прыводзяць даволі важкія аргументы не на карысць Аляксандра Рыгоравіча. Пра тое, што ніякага замаху не было, а Аляксандр Рыгоравіч, мякка кажучы, усё прыдумаў, якраз і кажа той факт, што лёзненскія міліцыянты, замест таго каб паказаць свету патэнцыйных забойцаў прэзідэнта, ловяць зарэгістраваную газету, якая законна ўвозіцца. Г.зн. шукаюць іншыя шляхі для кар’ер і ўзнагарод. Разумеюць, што раскрыццём замаху на Лукашэнку пад Лёзнам кар’еру не зробіш — хутчэй наадварот …

На жаль, калі чуеш або чытаеш пра «канструктыўнае супрацоўніцтва ўлады» з газетай «Віцебскі Кур’ер», становіцца горка. Горка, таму што адразу ўспамінаюцца арышты накладаў, збіццё журналістаў, адмовы ў рэгістрацыі, адмовы друкарняў, адмовы ў распаўсюдзе праз шапікі «Белсаюздрука» і «Белпошты», усе шматлікія праверкі — ад падатковай да АБЭП, адключэнняе электрычнасці ў офісе і спробы прызнаць офіс газеты «небяспечным для жыцця і здароўя людзей», ператрусы КДБ у рэдактара і дырэктара, а таксама многае іншае. Усім гэтым дзеянням міліцыі і чыноўнікаў можна даць іншую, грамадзянска‑прававую, ацэнку. Але толькі наўрад ці яна будзе асацыявацца з «канструктыўным супрацоўніцтвам». Хоць, можа, мы з уладай па‑рознаму разумеем слова «канструктыў»?

У гісторыі з арыштам газеты «Віцебскі Кур’ер» у Дзень Волі ёсць хэпі‑энд. Рукапісы не толькі не гараць. У нашым выпадку яны яшчэ і не «канфіскоўваюцца ў даход дзяржавы». Праўду нельга забіць, яе нельга забараніць або арыштаваць, нельга замкнуць або знішчыць. Нумар 11 (23) газеты «Віцебскі Кур’ер», хоць і са спазненнем, да чытача дайшоў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?