Калі гаворка ідзе пра такія падзеі, як аднаўленьне Незалежнасьці дзяржавы, роля аўтара зводзіцца да ўменьня як мага дакладней зафіксаваць тое, што ён бачыў. У мяне хапае цьвярозасьці разумець, што сёньняшняй высокай прэміяй адзначаная менавіта тэма. І гэта важна, бо працяглы час пэрыяд найвышэйшага нацыянальнага ўздыму падаваўся ледзьве не як параза. Бадай што толькі ў нас, у беларусаў, стварэньне дзяржавы можа быць аднесенае да катэгорыі палітычнай няўдачы – тым часам як у сьвеце гэта прынята лічыць вяршыняй праявы нацыянальнай волі.

Сёньня важна прыгадаць тых, дзякуючы каму мы маем Беларусь – яшчэ ня вольную, але ўжо незалежную, хто працягнуў распачатае Каліноўскім, Купалам, стваральнікамі БНР.

Гэта, найперш, дзясяткі тысячаў людзей самага рознага ўзросту, якія ўставалі пад сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг – і на плошчы перад Домам ураду ў Менску, і на вуліцах гарадоў ды мястэчак. Кожны зь іх мог бы ўласным вопытам абвергнуць тэорыю, што нібыта «Незалежнасьць на Беларусь звалілася зь неба». Вартай гэтых беларускіх патрыётаў была і інтэлектуальная эліта. У кастрычніку 1988-га тут, у Чырвоным касьцёле, аргкамітэт Народнага Фронту стваралі лепшыя прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі. Хацеў бы, каб сёньня ў гэтых сьценах прагучалі імёны тых, хто ўжо пайшоў ад нас – Янкі Брыля, Васіля Быкава, Артура Вольскага, Яўгена Глебава, Міхася Дубянецкага, Яўгена Куліка, Валер’я Масьлюка, Пімена Панчанкі, Стэфаніі Станюты, Максіма Танка, Міхася Ткачова…

Мяркую, што са мной пагодзіцца Зянон Пазьняк, -- бязь іх падтрымкі, як і падтрымкі Уладзімера Арлова, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава, Віктара Казька, Алеся Разанава, Валянціна Тараса (тут называю толькі сяброў ПЭН-Цэнтру), нам было б значна цяжэй працаваць у суседняй з Чырвоным касьцёлам Авальнай залі.

Праўда, аднойчы спроба аднаго выдатнага пісьменьніка дапамагчы нам у той залі скончылася драматычна.

Шаноўны Алег Трусаў у «Нашым Слове» закінуў мне папрок, што ў сваёй кнізе я недастаткова поўна асьвятліў ролю КПСС і камуністаў у працэе нацыянальнага Адраджэньня. Мне цяжка ўявіць, што яшчэ можна дадаць пра камуністаў пасьля Аляхновіча і Салжаніцына – але паспрабую.

У сьнежні 1990 году Алесь Адамовіч прыехаў з Масквы ў Менск, і я запытаўся, ці не жадаў бы ён прыйсьці на сэсыю Вярхоўнага Савету. Абмяркоўваўся закон аб зямлі. Апазыцыя БНФ прапанавала свой праект, з правам прыватнай уласнасьці на зямлю. У беларусаў нарэшце зьявіўся шанец зьдзейсьніць коласаўскую мару -- «прыдбаць свой кут». Камуністычная ж большасьць настойвала на захаваньні калгасна-саўгасны ладу. Алесь Міхайлавіч сказаў, што ня толькі прыйдзе, але і выступіць – балазе статус народнага дэпутата СССР даваў яму такую магчымасьць. Неабходныя па паводле рэглямэнту 20 подпісаў дэпутатаў я сабраў сярод «фронтаўцаў» за пяць хвілінаў.

Адамовіч яшчэ не падышоў да трыбуны, а дэпутаты-камуністы ўжо ажывіліся. Адны прачнуліся, другія прыбеглі з буфэту, іншыя адклалі паўпарнаграфічныя газэткі. Прамову Адамовіч пачаў у цішыні, але ўжо праз хвіліну ягоныя словы нельга было пачуць з-за абуральных воклічаў; нехта нават грукаў пюпітрам. На галёрцы ў трэцім сэктары крывіўся самы малады дырэктар самага адсталага саўгасу. У крамлёўскім Палацы зьездаў Адамовіча зганялі з трыбуны не сакратары райкамаў, а члены Палітбюро, не генэралы, а маршалы – ды вось жа нашыя, беларускія, былі хай і тытуламі драбнейшыя, затое нейкія больш злыя ды аўчарыстыя. Дагаварыць Адамовічу не далі – ён сышоў з трыбуны ў роспачы, глытаў нейкія таблеткі. Сумую, што мая ініцыятыва забрала ў яго колькі дзён жыцьця.

Калі сёньня нас папракаюць, што мы не шукалі альянсу з камуністамі і не абапіраліся на кіраўнікоў калгасаў – мне прыгадваецца сагнаны з трыбуны Алесь Адамовіч.

Дзякую за ўзнагароду і шкадую, што не магу адзначыць яе з сябрамі ПЭНу традыцыйным чынам. Сучасныя сродкі камунікацыяў дазваляюць у эміграцыі ня толькі сачыць за падзеямі ў Беларусі ў рэжыме рэальнага часу, але, у пэўным сэнсе, нават рабіцца іх удзельнікамі. Праз Інтэрнэт можна пераслаць кнігу, радыёперадачу, фільм, гэтую прамову, але, на жаль, не гарэлку. Але я спадзяюся быць у Беларусі значна раней, чым прагрэс ліквідуе гэтую тэхнічную недасканаласьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?