Беларусь дапускае магчымы ўдзел французскай кампаніі Areva ў будаўніцтве беларускай АЭС. Пра гэта паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 2 красавіка ў Мінску на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром па еўрапейскіх справах МЗС Францыі П'ерам Лелушам.

«Ведаючы вопыт французскіх кампаній у галіне ядзернага будаўніцтва, атамных станцый, мы дапускаем магчымы ўдзел, напрыклад, такой кампаніі, як Areva, у рэалізацыі гэтага праекта ў Беларусі. Дзверы адчынены», — прыводзіць словы Уладзіміра Сямашкі прэс-служба ўрада.

Першы намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што Беларусь можа прапанаваць французскаму боку ўдзел у любых праектах у сферы машынабудавання. У тым ліку гаворка ідзе пра пошукі партнёра для МАЗа.

«Чаму б не французская фірма «Рэно»?» — сказаў Сямашка.

***

Як паведамлялася раней, у Беларусі плануецца пабудаваць АЭС магутнасцю прыкладна 2,4 тыс. МВт. Увод першага энергаблока чакаецца ў 2016 годзе, другога — у 2018 годзе. Станцыя будзе будавацца паводле праекта санкт-пецярбургскага інстытута «Атамэнергапраект». Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступіць расійскае дзяржаўнае ЗАТ «Атамстройэкспарт», падкантрольнае «Расатаму», якое рэалізуе міжурадавыя пагадненні аб будаўніцтве аб'ектаў ядзернай энергетыкі за мяжой.

На ўзвядзенне ў Беларусі АЭС і інфраструктуры станцыі, паводле разлікаў спецыялістаў, неабходна 9 млрд. долараў ЗША.

24 сакавіка на сустрэчы з намеснікам старшыні КНР Сі Цзіньпінам у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Кітаем ва ўсіх сферах, у тым ліку ў будаўніцтве АЭС.

Вядома, што раней кітайскія карпарацыі праяўлялі цікавасць да будаўніцтва беларускай АЭС.

Тым часам расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў 31 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што Расія можа адмовіцца ад удзелу ў будаўніцтве беларускай АЭС, калі праект будзе фінансаваць Кітай.

«Калі будаўніцтва беларускай АЭС будуць фінансаваць кітайцы, я сумняваюся, што Расія будзе ўдзельнічаць», — сказаў ён.

«Мы не хочам дзяліцца з маладымі кітайскімі фірмамі. Нейкія новыя тэхналогіі трэба купляць, а кітайцы, у мяне такое адчуванне, хацелі б падгледзець. Калі яны будуць удзельнічаць, то расійскі бок прапануе перагледзець некаторыя моманты», — дадаў Сурыкаў.

Паводле яго слоў, адным з варыянтаў можа стаць будаўніцтва Расіяй самой АЭС, а іншым бокам — будаўніцтва інфраструктуры.

Сурыкаў нагадаў, што зараз Беларусь і Расія рыхтуюцца да падпісання кантракта на будаўніцтва АЭС. «Пакуль абмяркоўваецца пытанне цаны будаўніцтва», — сказаў дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?