Выдаткі бюджэту Беларусі, звязаныя з шокам змянення цэн на імпартаваную з Расіі нафту, ацэньваюцца ў памеры прыкладна 5,9 трлн. беларускіх рублёў, што ў пераліку складае амаль 2 млрд. даляраў ЗША.

Пра гэта гаворыцца ў лісце аб намерах, які прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч накіравалі 15 сакавіка кіраўніцтву Міжнароднага валютнага фонду.

Ліст характарызуе эканамічную палітыку і мэты ўладаў Беларусі на 2010 год і ўяўляе сабой дапаўненне і ўдакладненне абавязацельстваў, прынятых імі ў межах пагаднення з МВФ аб крэдыце stand-by.

У лісце адзначаецца, што новы кантракт на пастаўкі расійскай нафты прадугледжвае значнае павышэнне сярэдняй цаны на імпартаваную нафту.

Гэта будзе кампенсавацца за кошт рэалізацыі шэрагу мер карэкціроўкі эканамічнай палітыкі.

У прыватнасці, з дапамогай рацыяналізацыі нафтавага сектара за кошт скарачэння вытворчасці і павышэння яго эфектыўнасці. Гэта будзе рэалізавана шляхам адмены звязаных з экспартам субсідый, што выдзяляюцца нафтаваму сектару, і мытнай пошліны на экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў, а таксама павышэннем аптовых цэн на 7%, што прывядзе да скарачэння страт бюджэту, якія ўзнікаюць у выніку шоку змянення цэн на нафту, на 3,8 трлн. рублёў.

Павышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алкагольную прадукцыю на 10% дазволіць атрымаць даходы ў 0,12 трлн. рублёў.

Прадугледжана таксама павышэнне ставак адлічэнняў у інавацыйныя фонды ў мэтах атрымання дадатковых даходаў у 0,35 трлн. рублёў. Гэтыя даходы будуць выкарыстоўвацца ўрадам для фінансавання расходаў на мерапрыемствы па энергазберажэнні, якія ўжо ўключаны ў бюджэт.

Павышэнне падаткаў на сыравінную галіну дазволіць атрымаць дадаткова 0,6 трлн. рублёў.

Сідорскі і Пракаповіч абяцаюць кіраўніцтву МВФ працягваць рэалізацыю акрэсленай раней палітыкі ў сферы заработнай платы і пенсій, абмежаваўшы павелічэнне фонду аплаты працы ў 2010 годзе ў рамках 11%. «На пачатку гэтага года мы павысілі тарыфную стаўку першага разраду на 5%, а пенсіі — на 10%. Любое далейшае павышэнне зарплаты ў бюджэтным сектары пасля першага квартала будзе разглядацца толькі, калі дазволяць макраэканамічныя ўмовы.

Мы будзем па-ранейшаму кіравацца практыкай абмежавання росту зарплаты работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымліваюць дзяржпадтрымку. Пры прыняцці рашэння аб павышэнні пенсій мы будзем кіравацца неабходнасцю забяспечваць устойлівасць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва», — адзначаюць кіраўнікі ўрада і Нацбанка.

Урад абяцае таксама ўтрымліваць субсідаванне з бюджэту жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, у межах прадугледжаных у бюджэце сум за кошт павышэння тарыфаў на 7 даляраў ЗША да канца чэрвеня і стымулявання мер па скарачэнні затрат.

Адзначаецца, што ўзровень кампенсавання затрат на аплату паслуг транспарту ўжо павышаны за кошт павелічэння тарыфаў на 18%.

Будуць прыняты меры па ўзмацненні бюджэтнай дысцыпліны на ўзроўні мясцовых органаў кіравання, каб дэфіцыты бюджэтаў мясцовых органаў кіравання, якія фінансуюцца за кошт унутраных крыніц, не перавышалі 1% іх даходаў, гэта значыць ліміт, ўстаноўлены законам аб бюджэце на 2010 год.

Чакаецца, што прапанаваныя меры дазволяць скараціць разрыў бюджэтнага фінансавання на 1 трлн. рублёў.

«Каб закрыць астатнюю частку разрыву фінансавання, мы прымем дадатковыя меры па ўмацаванні даходнай часткі бюджэту і/або скарачэнні расходаў у другім паўгоддзі. Калі гэтыя меры будуць недастатковыя для закрыцця астатняй часткі разрыву фінансавання, дэфіцыт бюджэту можа быць павышаны на велічыню да 1 трлн. рублёў», — гаворыцца ў лісце.

Урад таксама мае намер ссунуць расходы бюджэтных арганізацый на больш позні перыяд года, абмежаваўшы іх расходы ў першым квартале і першым паўгоддзі 23 і 45 працэнтамі гадавых бюджэтных асігнаванняў адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?