У Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы будзе створана Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. Пра гэта гаворыцца ў лісце аб намерах, які прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч накіравалі 15 сакавіка кіраўніцтву Міжнароднага валютнага фонду.

«З мэтай скарачэння ўмяшання дзяржавы ў эканоміку і прыцягнення прамых замежных інвестыцый мы актывізуем працэс прыватызацыі. Урад зробіць захады, каб забяспечыць прыняцце праекта закона аб прыватызацыі да 1 ліпеня 2010 года пасля ўключэння канчатковых каментарыяў Сусветнага банка», — гаворыцца ў лісце.

Сідорскі і Пракаповіч паведамляюць кіраўніцтву МВФ аб правядзенні працы над праектам указа прэзідэнта аб стварэнні Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП). Праект прадугледжвае, што НАІП будзе складацца з двух самастойных структурных падраздзяленняў, якія будуць адказваць за садзеянне інвестыцыям і за прыватызацыю.

«Мы забяспечым адпаведнасць гэтага новага агенцтва найлепшай сусветнай практыцы за кошт уключэння ў праект указа каментарыяў Сусветнага банка да завяршэння працы над ім. Урад прыме ўсе неабходныя меры, каб забяспечыць зацвярджэнне ўказа аб стварэнні НАІП да канца красавіка 2010 года. Дзяржаўная рэгістрацыя агенцтва будзе праведзена да 1 чэрвеня 2010 года», — адзначаецца ў лісце.

Кіраўнікі ўрада і Нацбанка паведамляюць пра сфарміраваны пералік прадпрыемстваў са складу прадпрыемстваў, зацверджаных планам прыватызацыі на 2008–2010 гады (структурны кантрольны паказчык).

«Паводле ўзгаднення з Сусветным банкам мы дапрацуем спіс з пяці прадпрыемстваў, выбраных для прыватызацыі, да сярэдзіны сакавіка памесцім аб’яву для запрашэння кваліфікаваных і спрактыкаваных кансультантаў з добрай рэпутацыяй, якія дапамогуць нам у прыватызацыі кантрольных пакетаў акцый гэтых прадпрыемстваў, і да канца красавіка 2010 года падрыхтуем пералік з 20 прадпрыемстваў са складу прадпрыемстваў, зацверджаных планам прыватызацыі на 2008–2010 гады, і прымем усе неабходныя меры, каб забяспечыць атрыманне да канца чэрвеня 2010 года згоды прэзідэнта на прыватызацыю іх кантрольных пакетаў акцый», — падкрэсліваецца ў лісце аб намерах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?