Асоба адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта павінна быць прывабнай для большасці. Пра гэта заявіў увечары 2 красавіка ў Мінску на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» паэт і грамадскі дзеяч, ініцыятар грамадзянскай кампаніі «Кажы праўду!» Уладзімір Някляеў.

Паводле яго слоў, кампанія «Кажы праўду!» скіравана на абуджэнне народа да актыўнага жыцця. «І нам неабходна рабіць імёны, за якімі пойдуць людзі. Было імя Пазняк, і ішлі за ім людзі, паехаў Пазняк — і шмат з гэтым імем, а не толькі сам палітык. І калі няма аўтарытэту за чалавекам, які штосьці жадае зрабіць, лічы справу правальнай», — сказаў Някляеў.

Правядзенне кампаніі «Кажы праўду!» паэт матываваў «несупадзеннем рэальнага жыцця з тым, што нам кажуць». І на гэты падман, паводле яго слоў, людзі вастрэй за ўсё рэагуюць. Сярод найважнейшых праблем жыцця беларускага грамадства людзі называюць эканамічныя і сацыяльныя, у тым ліку: малыя заробкі, вялікія цэны, недаступнасць жылля і няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Філосаф і грамадскі дзеяч Таццяна Процька мяркуе, што трэба думаць аб тым, як перамагчы ў краіне, у якой няма справядлівых выбараў. А ролю інтэлігенцыі яна бачыць у захаванні агульначалавечых ідэалаў і норм, якія неабходна перадаць новым пакаленням. Процька перакананая, што інтэлігенцыя павінна ўплываць на палітычныя рашэнні і дапамагаць прэтэндэнтам на ўладу фармуляваць сваё палітычнае крэда.

Філосаф і грамадскі дзеяч Генадзь Грушавой заявіў, што людзі павінны пачуць і зразумець праўду, а затым асэнсаваць, ад каго ідзе небяспека і хто адказвае за тое, што адбываецца ў грамадстве. І для людзей вельмі важна наяўнасць цэнтра, дзе гавораць на мове народа, дзе можна пачуць праўду і атрымаць рэальную дапамогу па любым актуальным пытанні. Паводле яго слоў, грамадства павінна ўбачыць і паверыць у сілу, якая абараняе інтарэсы людзей. Грушавой падтрымаў ідэю вылучэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах.

Старшыня рады педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас паведаміў, што прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы пачалі кансультацыі з лідэрамі дэмакратычных сіл для вызначэння працэдуры вылучэння адзінага кандыдата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?