5 красавіка ўвайшоў у сілу Візавы кодэкс Еўрапейскага саюза. Ён быў прыняты Еўрапарламентам і Саветам ЕС у чэрвені 2009 года.

Адзін з артыкулаў кодэкса выстаўляе новыя патрабаванні да дакументаў для ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза.

Першае — у пашпарце павінна быць не менш як дзве чыстыя старонкі, спецыяльна прызначаныя для ўклейвання віз. Другое — тэрмін дзеяння пашпарта павінен перавышаць на тры месяцы тэрмін заканчэння дзеяння візы, якая запытваецца. Трэцяе — пашпарт, які падаецца на візу, павінен быць выдадзены не больш як 10 гадоў таму.

Гэтыя патрабаванні, як паведаміў на прэс‑канферэнцыі 18 сакавіка начальнік консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Аляксандр Астроўскі, тычацца толькі пашпартоў, што падаюцца для атрымання віз. Але яны не дзейнічаюць у адносінах да пашпартоў, прызначаных і выдадзеных раней для часовага ці пастаяннага пражывання на тэрыторыі краін Еўрапейскага саюза.

30 сакавіка прэс‑служба Еўрапейскай камісіі распаўсюдзіла заяву еўракамісара па ўнутраных справах Сесіліі Мальмстром, якая тлумачыць прымяненне кодэкса.

У новым дакуменце сабраны нормы, што уніфікуюць дакументы і працэдуру звароту па шэнгенскую візу і яе афармленне.

Заяўнік мае права чакаць адказ не пазней чым праз 15 каляндарных дзён. Абавязковым становіцца абгрунтаванне адмовы ў выдачы візы, а таксама права абскардзіць такое рашэнне.

Візавы кодэкс замацоўвае паняцці кароткатэрміновай візы (да 90 дзён знаходжання ў краіне на працягу паўгода) і транзітнай, што выдаецца ў аэрапорце. Афармленне доўгатэрміновых віз (да 180 дзён на працягу года) застаецца прэрагатывай нацыянальных урадаў.

Доўгатэрміновыя нацыянальныя візы прыраўноўваюцца да дазволу на пражыванне і даюць уладальніку права перамяшчацца на ўсёй зоне дзеяння Шэнгенскага пагаднення.

Калі заяўнік можа пацвердзіць неабходнасць частых падарожжаў і вядомы консульству сваёй надзейнасцю, ён можа разлічваць на доўгатэрміновую шматразовую візу.

У заяве еўракамісара зазначаецца, што агульныя правілы будуць адаптаваны пасольствамі да мясцовых рэалій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?