«Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па‑ранейшаму няма. І, значыць, няма падстаў для прызнання цяперашняй выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў» — з такой заявай выступілі лідэры дэмакратычных партый і рухаў Беларусі.

«Вынікі, якія ўлада аб’явіць пасля дня выбараў 25 красавіка 2010 года, не могуць лічыцца адлюстраваннем волі беларускіх выбаршчыкаў», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Яе аўтары зазначаюць, што дэмакратычныя партыі і грамадскія арганізацыі з самага пачатку актыўна ўключыліся ў выбарчы працэс, вылучыўшы больш як тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Аднак у іх склад увайшлі не больш за 200 прадстаўнікоў апазіцыі, што складае 0,3% ад агульнай колькасці членаў выбарчых камісій.

Апрача таго, на этапе падрыхтоўкі да вылучэння кандыдатаў у дэпутаты апазіцыйнымі структурамі былі складзены спісы з 2,5 тысячы патэнцыяльных прэтэндэнтаў.

«Аднак замест абяцанай лібералізацыі ўлады працягвалі выкарыстоўваць тактыку запалохвання дэмакратычных актывістаў, членаў іх каманд, а таксама грамадзян, якія паставілі подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў,

— гаворыцца ў дакуменце. — У выніку беспрэцэдэнтнага націску, які ажыццяўлялі кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, супрацоўнікі мясцовых выканаўчых камітэтаў, праваахоўных органаў, падатковых, фінансавых і кантрольных службаў, толькі 700 актывістаў знайшлі ў сабе мужнасць працягнуць удзел у выбарчай кампаніі».

Падчас рэгістрацыі была адсеяна яшчэ траціна актывістаў. У выніку ўдзел у выбарах працягваюць менш як 500 чалавек, або прыблізна 2% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў, зазначаецца ў заяве.

Такім чынам, робяць выснову прадстаўнікі апазіцыі, «цяперашняя выбарчая кампанія, па сутнасці, нічым прынцыпова не адрозніваецца ад папярэдніх, якія міжнародная супольнасць не прызнала свабоднымі і справядлівымі». «Інстытут выбараў у Беларусі знаходзіцца ў татальным крызісе. Вынікам поўнай дэградацыі выбарчай сістэмы стала фактычнае прызначэнне дэпутатаў», — гаворыцца ў заяве.

У мэтах выхаду з такой сітуацыі прадстаўнікі апазіцыі чарговым разам прапаноўваюць уладзе пачаць абмеркаванне прапаноў аб змене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.

Заяву падпісалі лідэры 13 партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай партыі жанчын «Надзея», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял‑дэмакратычнай Грамады, Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду», а таксама аргкамітэтаў па стварэнні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Руху за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва, партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыі свабоды і прагрэсу, Партыі працоўных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?