Мазырская раённая газета «Жыццё Палесся» адмовілася публікаваць праграму кандыдата ў дэпутаты райсавета, аднаго з лідэраў маладзёжнай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» ваеннаслужачага Франака Вячоркі.

Як паведаміў Вячорка, у адказе за подпісам галоўнага рэдактара газеты Ларысы Чорнай сказана, што яго праграма парушае артыкул 75 Выбарчага кодэкса. У гэтым артыкуле, у прыватнасці, гаворыцца, што праграма кандыдата не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь».

Паводле слоў Вячоркі,

рэдактар угледзела паклёп у фразе «чыноўнікі праядаюць нашы з вамі грошы».

Кандыдат накіраваў заяву ў ЦВК з просьбай даць прававую ацэнку яго перадвыбарнай праграме і адначасова прапанаваў газеце крыху змененую фразу: «Чыноўнікі не галадаюць за нашы з вамі грошы».

У праграме Вячоркі, паводле яго слоў, тры галоўныя пункты: вяртанне Мазыру статусу забруджанага радыяцыяй горада; рамонт дарог; улада павінна служыць людзям.

Практычна штодзённа (пяць разоў за апошнія сем дзён) кіраўніцтва часці ў суправаджэнні зампаліта адпускае ваеннаслужачага на некалькі гадзін у горад.

6 красавіка кандыдат павінен забраць з друкарні агітацыйныя матэрыялы. На 15 красавіка прызначана сустрэча з выбаршчыкамі Вячоркі і яго даверанай асобы члена‑карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі. Паводле слоў кандыдата, жыхары Мазыра адчуваюць сябе пакрыўджанымі ўладай і вітаюць яго імкненне штосьці змяніць.

Мясцовыя выбары пройдуць 25 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?