Першы медаль заваявалі беларускія штангісты на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які адкрыўся 5 красавіка ў мінскім Палацы спорту.

Віталь Дзербянёў заняў першае месца ў вагавой катэгорыі да 56 кг з вынікам 256 кг (118 у рыўку, 138 у штуршку). Другім быў Смбат Маргаран з Арменіі — 255 кг (109+146), трэцім — бельгіец Том Гёгебюр — 254 (116+138). У рыўку Дзербянёў таксама паказаў лепшы вынік, а ў штуршку быў пятым. Вынік 138 кг паказалі тры спартсмены, але Дзербянёў аказаўся самым цяжкім з іх.

На рахунку 33‑гадовага Дзербянёва зараз чатыры залатыя медалі еўрапейскіх чэмпіянатаў. Першыя тры заваяваны ў 2002, 2003 і 2006 гадах.

У жанчын у катэгорыі да 48 кг 19‑гадовая Ірына Мірановіч заняла апошняе 10‑е месца — 124 кг (54+70). Для параўнання: 26‑гадовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў‑2004 Нурджан Тайлан з Турцыі, якая атрымала «золата», падняла 208 кг (90+118).

6 красавіка на памост выйдуць мужчыны ў катэгорыі да 62 кг (гаспадароў будзе прадстаўляць Генадзь Махвяеня) і жанчыны да 53 кг (Валянціна Ляхавец).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0