У Мінску пачалася раскансервацыя атракцыёнаў, паведаміў галоўны інжынер УП «Гарадскія паркі Мінскзялёнбуда» Анатоль Яцкевіч.

Спецыялісты ААТ «Белпрамналадка» агледзяць усе металаканструкцыі на трываласць, правядуць грузавыя выпрабаванні і электрафізічныя вымярэнні. Пры неабходнасці зношаныя дэталі, вузлы і механізмы заменяць. Пасля гэтага допуск да эксплуатацыі павінен даць Дзяржпрамнагляд.

У новым сезоне парк атракцыёнаў папоўніцца навінкай, расказаў Анатоль Яцкевіч. У прыватнасці, у парку Чэлюскінцаў на месцы старога кола агляду ўстановяць новае. Тэндэр на яго пастаўку ў Мінск выйграла ўкраінская кампанія. Новае кола крыху вышэйшае за свайго папярэдніка — 27,5 м. На яго закупку прадпрыемства накіруе каля Br500 млн. уласных сродкаў.

Паводле слоў сурамзоўцы, паркі сталіцы адкрыюць свой сезон раней, чым звычайна, у сярэдзіне красавіка. Першых наведвальнікаў рыхтуюцца прыняць Цэнтральны дзіцячы парк Горкага і Парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў.

Што датычыцца кошту білетаў на атракцыёны, то, як запэўніў Анатоль Яцкевіч, рэзкага росту цэн не будзе —

у межах 7‑10 працэнтаў.

На балансе УП «Гарадскія паркі Мінскзялёнбуда» знаходзяцца чатыры сталічныя паркі — Горкага, Чэлюскінцаў, 50‑годдзя Кастрычніка і 900‑годдзя Мінска. У іх эксплуатуюцца 37 атракцыёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?