Барак Абама выканаў сваё абяцанне скарачаць ядзерны патэнцыял ЗША. У новай ядзернай стратэгіі ЗША гаворыцца аб адмове ад стварэння удасканаленых сістэм ядзерных узбраенняў.
ЗША таксама абяцаюць не ўжываць ядзерную зброю нават у выпадку хімічнай або біялагічнай атакі.

Амерыканскі прэзідэнт Барак Абама афіцыйна абвясціў аб увядзенні кардынальных абмежаванняў у ядзернай стратэгіі ЗША. Напярэдадні публікацыі новага агляду «Аб развіцці ядзернага патэнцыялу ЗША», падрыхтаванага Пентагонам па патрабаванні Белага дома, кіраўнік дзяржавы даў інтэрв'ю газеце The New York Times.

У новай стратэгіі, якой, у выпадку зацвярджэння кангрэсам, будзе кіравацца Пентагон на працягу наступных 5-10 гадоў, ЗША робяць стаўку на звычайныя ўзбраенні і абвяшчаюць адмову ад магчымасці «атамнага адказу» на неатамную пагрозу.

«ЗША працягнуць скарачаць ролю ядзернай зброі пры стрымліванні неядзерных атак. З гэтай мэтай ЗША гатовыя ўмацаваць даўно прыняты прынцып «негатыўных гарантый бяспекі», абвяшчаючы, што ЗША не будуць выкарыстоўваць ці пагражаць выкарыстаннем ядзернай зброі супраць неядзерных краін, якія з'яўляюцца удзельніцамі Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а таксама тых краін, якія выконваюць свае абяцанні па нераспаўсюджванні»
-- гаворыцца ў вытрымках з дакладу Пентагона, апублікаваных у газетах. Цалкам дакумент будзе апублікаваны роўна праз год пасля знакамітага выступу Абамы ў Празе, дзе ён паабяцаў павесці свет у кірунку поўнай адмовы ад атамнай зброі.

Гарантыі бяспекі, якія ЗША даюць свету, не тычацца Паўночнай Карэі ці Ірану, названых Абамай «адшчапенцамі». І тэакратычная Ісламская рэспубліка, і камуністычны рэжым чучхе парушылі міжнародныя дамовы аб стварэнні і выкарыстанні атамнай зброі і не выконваюць абавязкаў, накладзеных на іх міжнароднай супольнасцю.

«ЗША сцвярджаюць, што любая краіна, якая выкарыстоўвае хімічную альбо біялягічную зброю супраць ЗША або іх саюзнікаў і партнёраў, будзе пастаўлена перад перспектывай разбуральнага ўдару, а асобы, адказныя за гэтую атаку, будуць гэта кіраўнікі дзяржаў або военачальнікі, панясуць поўную адказнасць» -- гаворыцца ў новай ядзернай дактрыне ЗША.

Адказваць ЗША будуць, паабяцаў Абама, у залежнасці ад ступені пагрозы і патэнцыйнай шкоды.

«Я збіраюся захаваць усе неабходныя інструменты ўздзеяння, каб забяспечыць мір і бяспеку амерыканскага народа» -- заўважыў ён у інтэрв'ю NYT.
Пры гэтым Белы дом і Пентагон не выключаюць, што калі прагрэс у распрацоўцы біялагічнай зброі створыць для ЗША новыя пагрозы, то краіна можа перагледзець гэтае сваё абяцанне.

«ЗША больш не будуць ствараць новыя ядзерныя боегалоўкі. У праграмах падаўжэння тэрмінаў эксплуатацыі будуць выкарыстоўвацца толькі тыя ядзерныя кампаненты, якія грунтуюцца на раней выпрабаваных узорах » -- сцвярджаецца ў дакуменце. У рамках гэтых праграм не будуць ажыццяўляцца новыя ваенныя заказы або забяспечвацца новы ваенны патэнцыял.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?