Карпарацыя Microsoft адкрывае афіцыйнае прадстаўніцтва ў Беларусі. Пра гэта 6 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў менеджэр па развіцці бізнесу Microsoft у Беларусі Васіль Карпіцкі.

Паводле яго слоў, 2 лютага была зарэгістравана юрыдычная асоба — ЗТАА «Майкрасофт Софтвербел», цяпер фарміруецца штат супрацоўнікаў. «Адкрыццё прадстаўніцтва сведчыць аб тым, што Microsoft ацэньвае беларускі рынак як вельмі перспектыўны, з вялікім патэнцыялам», — падкрэсліў прадстаўнік кампаніі.

Ён адзначыў, што паўнавартасную працу беларускі офіс Microsoft пачне к ліпеню гэтага года.

Васіль Карпіцкі таксама паведаміў, што зараз на тэрыторыі Беларусі працуюць два дыстрыб’ютэры Microsoft (Elko Computers і СЗАТ «АСБІС») і 20 партнёраў рознага ўзроўню.

***

Заснаваная ў 1975 годзе карпарацыя Microsoft з’яўляецца сусветным лідэрам у вытворчасці праграмнага забеспячэння, аказанні паслуг і распрацоўцы інтэрнет‑тэхналогій для персанальных камп’ютэраў і сервераў. У снежні 2005 года пачаў ажыццяўляцца афіцыйны продаж прадуктаў Microsoft у Беларусі.

Аснову бізнесу Microsoft у Беларусі складаюць продажы праграмнага забеспячэння. Большая частка продажаў у краіне прыходзіцца на аперацыйныя сістэмы, пакет Microsoft Office System і серверныя рашэнні. Згодна са статыстыкай найбольш высокі рост дэманструюць продажы серверных прадуктаў і ліцэнзій на ПЗ для карпаратыўнага сектара. Цэнавая палітыка карпарацыі Microsoft у Беларусі такая ж, як і ва ўсіх краінах СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?