07.04.2010 / 11:27

Летняя школа «Беларусь у еўрапейскім кантэксце: актуальныя дыскусіі пра нацыябудаванне»

2–8 жніўня 2010 г. Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі і дэпартамент філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта праводзяць міжнародную летнюю школу для маладых даследчыкаў і выкладчыкаў у сферы гуманітарных і сацыяльных навук. Летняя школа пройдзе ў сядзібе «Kernavės bajorynė" (30 км ад Вільні).

Пытанне пра генэзіс, лёс і шляхі нацыябудавання ў Беларусі здабыло новую актуальнасць пасля распаду СССР. Сучасныя даследчыкі дадзенага пытання зыходзяць з таго, што разгляд сітуацыі ў Беларусі наўрад ці можа быць прадуктыўным без звароту да палітычных, сацыяльных і культурных працэсаў у Еўропе і ЕС да і пасля 1989 году. Такая ўстаноўка абумоўленая не толькі ўласнай нацыянальна-культурнай традыцыяй Беларусі, але і тым фактам, што менавіта ў еўрапейскім прасторы стала відавочнай сувязь нацыянальнага самавызначэння з працэсамі эмансіпацыі і дэмакратызацыі, мяркуецца таксама крытычнае асэнсаванне перашкод, з якімі яны сутыкаюцца.

У межах школы будуць прадстаўленыя асноўныя гістарычныя і сацыяльна-тэарэтычныя падыходы ў аналізе праблематыкі беларускага нацыябудавання ў еўрапейскім кантэксце. Гістарычныя экскурсіі, прысвечаныя спецыфіцы нацыянальных працэсаў у Беларусі, будуць суправаджацца аналізам працэсаў глабалізацыі і пошуку новых каштоўнасных арыентыраў у сучаснай Еўропе.

Праграма школы ўключае наступныя тэмы:

• Беларускае нацыябудаванне і ідэя Еўропы;

• Праблема генэзісу нацыябудаванне і сучасныя тэорыі нацыябудавання;

• Беларуская ідэнтычнасць: гісторыя і памяць;

• Беларусь у пошуках нацыянальнай ідэі: этнакультурны, грамадзянскі, касмапалітычны нацыяналізм;

• Шляхі нацыябудавання ў Беларусі: роля гарадской і вясковай сацыяльных груп;

• Нацыяналізм, еўрапеізацыя, дэмакратызацыя.

Школа мае міждысцыплінарны характар і перадугледжвае ўдзел такіх вядомых даследчыкаў праблематыкі беларускага нацыябудавання, як Алег Латышонак і Яўген Мірановіч з Беластоку, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Валер Булгакаў, Захар Шыбека з Мінска, Сяргей Токць (Гродна) і інш

Мяркуецца таксама запрашэнне навукоўцаў з Германіі і Літвы.

Па кожным з тэматычных напрамкаў плануюцца выступленні 2–3 запрошаных экспертаў і сумесная дыскусія. У рамках дыскусій ад удзельнікаў школы чакаюцца кароткія выступленні (10 хвілін).

Адбор удзельнікаў школы будзе праводзіцца на конкурснай аснове. Галоўным крытэрам з’яўляецца навуковая цікавасць да беларускай праблематыкі, а таксама выкарыстанне атрыманых ведаў у выкладчыцкай або грамадскай дзейнасці.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца маладыя навукоўцы і выкладчыкі з Беларусі і іншых краін. Мінімальнае патрабаванне да ўдзельнікаў: навучанне ў магістратуры альбо наяўнасць ступені магістра (або дыплома аб вышэйшай адукацыі) у галіне сацыяльных ці гуманітарных навук, а таксама прафесійная (акадэмічная, грамадская) дзейнасць, звязаная з тэматыкай школы. Узрост удзельнікаў — да 35 гадоў.

Рабочыя мовы школы — беларуская і руская.

Заяўкі на ўдзел у летняй школе прымаюцца да 15 мая 2010 году па электроннай пошце (тэма электроннага паведамлення — «заяўка-прозвішча заяўніка») па адрасе ehu.school @ gmail.com.

Заяўкі падаюцца на беларускай або рускай мове.

Заяўка мусіць складацца з двух файлаў.

Першы файл:

Назва файла: «Прозвішча заяўніка_CV». Змест файла: інфармацыя пра заяўніка, якая ўключае ў сябе:

• Прозвішча, імя

• Дату нараджэння

• Кантактны тэлефон і адрас электроннай пошты

• Месца навучання/працы, пасада

• Адукацыя (у тым ліку за мяжой)

• Удзел у летніх і зімовых школах за апошнія тры гады

• Тэматыка навуковых даследаванняў і асноўныя публікацыі

• Тэма эсэ і яго кароткая анатацыя (100–200 слоў)

Другі файл:

Назва файла: «Прозвішча заяўніка_text». Змест файла: невялікае эсэ (5–10 ст.), прысвечанае адной з названых вышэй асноўных тэмаў гадавой школы (замест эсэ можа быць прапанаваны ўжо апублікаваны тэкст (або ўрывак) указанага аб’ёму).

Пра вынікі адбору заявак будзе паведамлена не пазней за 1 чэрвеня.

Удзельнікам школы даецца бясплатная віза, аплачваецца пражыванне і харчаванне. У асобных выпадках можа быць разгледжанае пытанне аб кампенсацыі (поўнай або частковай) дарожных выдаткаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру