08.04.2010 / 08:58

Ціхан Чарнякевіч: 1990-я застаюцца не асэнсаванымі ў літаратуры 4

Аўтар бібліяграфічнага даведніка «Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе «Крыніца» (1988-2003)» распавядае пра сваю працу.

У Інтэрнэце з’явіўся бібліяграфічны даведнік «Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе «Крыніца» (1988-2003)». Яго склаў Ціхан Чарнякевіч.

Аўтар адказвае на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Ціхан, чаму вырашыў узяцца за такую працу?

Ціхан Чарнякевіч: Яшчэ ў школе пазнаёміўся з часопісам «Крыніца», у брата было некалькі нумароў. Я іх прачытаў ад тытулу да выходных дадзеных. Трэба сказаць, што феномен «Крыніцы» дагэтуль не асэнсаваны як след. Нават сёння, праз 7 год пасля закрыцця часопіса, збольшага менавіта яго былая рэдакцыя — Някляеў, Разанаў, Акудовіч, Галубовіч, Арлоў, Сідарэвіч, Станкевіч — і тыя, хто супрацоўнічаў з «Крыніцай», вызначаюць твар нашай літаратуры. Бо ў «Крыніцы» надрукаваць абы-што было немагчыма. Графаманы ведалі сваё месца.

Да перакладаў і перакладчыкаў у мяне заўсёды было нейкае замілаванне. Калі бачыў у бібліятэцы кнігу замежнай літаратуры па-беларуску — заўсёды адчуваў радасць і захапленне. Калі ўжо вучыўся на філфаку, сутыкнуўся з праблемай, што перакладзена, урэшце, нямала, але адшукаць пэўнага аўтара практычна немагчыма. Былі, праўда, некаторыя носьбіты «таемнай веды», якія хітравата казалі: «А вось беларускага Паўнда можна пачытаць у такім нумары». За саветамі выйшла некалькі бібліяграфічных даведнікаў па перакладах, у альманаху «Далягляды» заўсёды адлюстроўвалася бібліяграфія перакладных кніг за год. Але 1990-я, самы прадуктыўны час, так і не былі каталагізаваны ў гэтым плане.

Ціхан Чарнякевіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў Пінску. Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ і магістратуру пры ім. Цяпер вучыцца ў аспірантуры БДПУ. Рэдактар аддзела прозы і паэзіі тыднёвіка «ЛіМ». Перакладае з украінскай, польскай і англійскай.

Гэтак сышліся два захапленні — «Крыніцай» і перакладамі. Я прыходзіў у акадэмічную бібліятэку імя Якуба Коласа, замаўляў камплект «Крыніцы» і перапісваў у агульны сшытак усе назвы перакладаў. Так паступова перабраў усе падшыўкі часопіса. Дома пераводзіў у камп’ютэр. Быў тады студэнтам-максімалістам. Хацелася прачытаць і выпісаць абсалютна ўсё. Пасля «Крыніцы» ўзяўся і за «Нашу ніву», але зрабіў выпіскі толькі за адзін год. Далей наляцелі іншыя справы. Ачомаўся толькі сёлета, праз пяць гадоў пасля пачатку працы. Давёў да ладу нумарацыю, зрабіў паказальнікі аўтараў і перакладчыкаў.

«НН»: Ці адсочваў далейшы лёс часопісных публікацый?

ЦЧ: Так, вядома, стараюся наогул усе пераклады адсочваць. З «крынічанскіх» некаторыя пераўвасобіліся ў кнігі. Напрыклад, выбранае Мілаша, Галчыньскага, «Курдупель Цахес» Гофмана ў перакладзе Сёмухі нядаўна выдрукавалі, старабеларускія ўзнаўленні Разанава сталі першым томам серыі «яйкаквадратаў», праца В. Калацкай нядаўна ўвасобілася ў анталогію «Бог скарпіён». Шэраг тэкстаў увайшоў у нядаўні двухтомнік Баршчэўскага, Васючэнкі, Тычыны «Беларуская літаратура і свет». Ды шмат што выйшла і працягвае выходзіць. Але вельмі многа, праўда, так і не дачакалася кніжак. Напрыклад, перакладаў таго ж Разанава не на адзін том ладны хапіла б яшчэ. Каласальная перакладчыцкая праца Алеся Асташонка дагэтуль ляжыць мёртвым грузам. Мусіць, так і будзе ляжаць, бо творцы ўжо няма сярод жывых і бегаць па выдавецтвах ён не будзе. Так і не выйшаў кнігай Зюскінд у перакладзе Сёмухі. Напэўна, праз складанасці з аўтарскімі правамі… Кніга, на мой погляд, кананізуе пэўны тэкст. І, праз цяжкасці выдавецкай справы ў 1990-я, мы пакуль не можам тыя самыя часы асэнсаваць, бо факты той літаратурнай сітуацыі адсутнічаюць. А гэта вельмі важны перыяд.

«НН»: Як перакладчык скажы, што перакладаць трэба, калі не хочуць чытаць і нацыянальнай літаратуры?

ЦЧ: Не хочуць чытаць людзі з нізкім узроўнем культуры, якія часам да таго ж агрэсіўна не жадаюць гэты ўзровень павышаць. І іншым, ахвотным, перашкаджаюць. У нас сёння кожны перакладае тое, што любіць. І гэта добра, з аднаго боку, бо не з’яўляецца «шэранькай» перакладной літаратуры. З другога боку, многія перакладчыкі, упэўнены, з задавальненнем працавалі б і на замову, абы ім можна было б з гэтага карміць сваю сям’ю. Апошняе гучыць нерэальна, але ў краінах, дзе існуе нармальная сітуацыя з мовай тытульнай нацыі — гэта звычайная з’ява.

Вядома, трэба перакладаць. Кожная прачытаная кніжка замежнай літаратуры адорвае іншым, небеларускім ракурсам мыслення. А кожны твор замежнай літаратуры на беларускай абнаўляе нашу літаратурную мову, у шырокім сэнсе — абнаўляе ўвесь беларускі тэкст. Мая запаветная мара — каб на паліцах кнігарняў заўсёды стаялі беларускія Рабле, Дантэ, Шэкспір, Гамер, Вергілій. Веру, некалі так і будзе. А таксама будзе часопіс перакладной літаратуры («Прайдзісвет» — выдатны праект, але гэтага мала). У «ЛіМе» з красавіка будзе выходзіць пастаянная старонка перакладаў «Далягляды». Вядома, лёгка гаварыць «мала, мала». Бо перакладчыкі сёння працуюць на голым энтузіязме. Ім і надрукавацца часта няма дзе, не тое што кніжку выдаць і ганарар атрымаць. А добра перакласці старонку прозы ці восем вершаваных радкоў, да прыкладу, Гётэ — гэта вельмі няпроста. Безумоўна, трэба перакладаць і суседзяў — украінцаў, літоўцаў, латышоў. Асабліва прозу, зусім мала яе ведаем. Сітуацыя, як заўжды, абсурдная. Але нешта ды будзе.

Гутарыў Сяргей Макарэвіч

0
Димыч / Адказаць
08.04.2010 / 11:30
Не хочуць чытаць людзі з нізкім узроўнем культуры, якія часам да таго ж агрэсіўна не жадаюць гэты ўзровень павышаць. ====================================== В большинстве стран Европы люди крайне мало читают. Тоже по причине своей низкой культуры? О белорусской литературе. Она заняла свою крайне скромную нишу, рынок знаете ли.К тому же большинство белорусов русскоязычные. Прежних тиражей времен БССР, когда из белорусских письменникоу искусственно делали классиков, давали им звания, хорошие гонорары уже не будет. Так что смиритесь со своим незначительным влиянием и ролью в современном социуме.
0
Сяржук / Адказаць
09.04.2010 / 00:21
Вось такія "дзімычы" і завуцца м...мі, дзе літары "ж" няма. Гэты хлопец, акрамя вайскова статута ды гэбэшнай інструкцыі нічога чытаць не можа. У Эўропе ён калі і быў, то толькі за машынай ці за шмоткамі. Чытаюць, і як яшчэ чытаюць. І свае, і перакладное. Паглядзеў бы я на такого "вучонага", які не паважае цэлы народ. Звычайна такіх завуць "вырадкамі". Апошнім часам на Беларусі іх занадта развялося. Добрую справу зрабіў хлопец. Калі родная мова і пераклады яго зацікавілі, то малайчына. Але вось што рабіць з краінай, якая населена "ідэолагамі" ды лукамольцамі з лукашыстамі? Добрая палова з глузду з'ехала, адны "дзімычы" без роду і племені.
0
Равяка / Адказаць
12.04.2010 / 00:10
Русапяты... так называлі ў 20-я гады ХХ ст, тых хто адмаўляўся ад беларускага ў бок расейскага... пра гэта пісала НН. Думаю варта вярнуць гэтая слова... І назваць наўпрост русапятаў - русапятамі, а лепш ігнараваць іх на форумах... Тады дзімычы хутка супакояцца, бо на іх ня будуць зьвяртаць увагі...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру