«Гарачая вясна» распачалася ў тэлефонных піратаў. Таксама як турыстычныя кампаніі вызначаюць папулярныя напрамкі сезону адпачынкаў, так і «тэлефонныя піраты» шукаюць новае прыстанішча для рэалізацыі »шэрых схем» свайго бізнесу. Гэтай вясной піраты аблюбавалі Мальдыўскія астравы ў Індыйскім акіяне. Менавіта на Мальдывах зарэгістраваныя новыя тэлефонныя нумары, кошт званкоў на якія значна перавышае кошт легальнага спалучэння з Беларусі. Зразумела, што ніхто б не здзяйсняў такія званкі, калі б ведаў аб іх рэальным кошце…

‑ Нягледзячы на развіццё высокахуткаснага доступу ў Інтэрнэт, тэлефоннае пірацтва па‑ранейшаму застаецца галаўным болем для многіх інтэрнэт‑аператараў па ўсім свеце, паколькі камутаваным доступам у інтэрнэт карыстаецца яшчэ даволі вялікая колькасць карыстальнікаў Сусветнай павуціны. Гэты тып спалучэння заснаваны на тым, што мадэм карыстальніка здзяйсняе дазвон на нумар інтэрнэт‑аператара сваёй краіны для выхаду ў сетку. Аднак існуюць праграмы, якія самадвольна змяняюць нумар дазвону, ‑ тлумачыць прынцып «бізнесу» інтэрнэт‑піратаў начальнік Міжнароднага цэнтра камутацыі «Белтэлекам» Сяргей Фурманаў.

Такія «званілкі», спецыяльна створаныя «тэлефоннымі піратамі», вельмі цяжка ідэнтыфікуюцца антывірусамі, паколькі не ўтрымліваюць у сабе нейкі шкодны код для аперацыйнай сістэмы камп’ютара.

Атрымоўваецца так, што карыстальнік або не бачыць загрузкі праграмы‑дазвоншчыка, або пагаджаецца з яе загрузкай, не падазраючы аб яе ролі.

Мадэм, які дазвоньваецца да ўстаноўленага піратамі нумару, здзяйсняе спалучэнне з інтэрнэтам, аднак не з дапамогай мясцовага аператара і не па яго тарыфах. Праграма набірае закладзены у яе нумар без ведама карыстальніка, і кошт званка шматразова перавышае тарыф мясцовага аператара. Такая схема, пры якой карыстальнік не ведае аб рэальным кошце званка на платны нумар,

з’яўляецца прыбытковым бізнесам для махляроў, якія зарабляюць на пралазе ў тэхналогіі камутаванага доступу і на няўважлівасці інтэрнэт‑карыстальнікаў.

‑ Для нас відавочная сезонная актыўнасць інтэрнэт‑махляроў, паколькі менавіта вясной мы атрымліваем першыя запыты ад абанентаў, нязгодных з высокімі рахункамі за званкі, якія яны быццам бы не здзяйснялі. Спалучэнне, устаноўленае несанкцыянавана і без непасрэднага ўдзелу карыстальніка, выліваецца ў некалькі сотняў тысяч рублёў.

Здараецца, што сума перавышае мільён рублёў.

Гэта непрыемны факт, аднак і «Белтэлекам» разам з карыстальнікам вымушаны раздзяліць гэту ношу, аплаціўшы здзейснены званок па міжнародных дагаворах. Аднак мы ідзем насустрач абанентам і у пэўных выпадках прадастаўляем ім магчымасць аплаціць рахунак у растэрміноўку, ‑ дадаў Сяргей Фурманаў.

Вясной 2010 года зафіксаваны новы напрамак званкоў ‑‑ Мальдыўскія астравы, а раней інтэрнэт‑піраты працавалі ў Германіі, Балгарыі, на астравах Кука, у С’ера‑Леоне і Вануату.

Каб не стаць ахвярамі інтэрнэт‑піратаў «Белтэлекам» рэкамендуе захоўваць наступныя меры перасцярогі.

Па‑першае, трэба памятаць пра небяспеку загрузкі з інтэрнэта розных праграмных прадуктаў. Уважліва чытайце ўсе анлайнавыя паведамленні. Пасткі могуць быць схаваныя на некалькі старонак далей у тэксце, надрукаваным дробным шрыфтам. Ніколі не націскайце «ок», калі вы дакладна не ведаеце, з чым вы пагаджаецеся.

Беражыцеся праграм, якія дазваляюць вашаму мадэму ажыццяўляць набор нумару для доступу ў інтэрнэт. Калі на экране вашага камп’ютара з’яўляецца дыялогавае акенца з інфармацый аб тым, што ідзе набор нумара, які вы не даручалі яму набіраць, анулуюйце гэта паведамленне. Абавязкова ўключыце гук у настройках мадэма: калі вы пачулі па характэрнаму гуку, што мадэм адвольна ўстанаўлівае спалучэнне, перарвіце працэдуру ці лепш адключыце мадэм ад тэлефоннай сеткі. Пасля гэтага абавязкова праверце настройкі «выдаленага спалучэння па ўмаўчанні», наяўнасць новых спалучэнняў і наяўнасць праграм (спасылак, ярлыкоў), якія вамі не ствараліся і не ўстанаўліваліся.

Патлумачце дзецям небяспеку перакачвання праграм. Кантралюйце сайты, якія наведваюць вашы дзеці, правяраючы гісторыю наведвання веб‑сайтаў.

Праграмы‑»званілкі», як правіла, не распазнаюцца антывіруснымі праграмным забеспячэннем і, адпаведна, не выдаляюцца. Трэба ведаць, што такія праграмы могуць не толькі ўстанаўліваць непажаданае спалучэнне, але і перадаваць вашы дадзеныя (напрыклад, уліковы запіс для доступу у інтэрнэт) іншым карыстальнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?