Прэзыдэнтам абвешчаны Фэліпэ Кальдэрон, але Мануэль Абрадор таксама рыхтуецца абвесьціць сябе кіраўніком дзяржавы. Чым тое скончыцца, немаведама.

Вынік найбольш зацятай электаральнай барацьбы ў гісторыі Мэксыкі выбарчы трыбунал абвясьціў у панядзелак. Насуперак абвінавачваньням апазыцыі ён пацьвердзіў, што цягам галасаваньня 2 ліпеня і падчас падліку галасоў не было значных парушэньняў, ня кажучы ўжо пра вялікае, арганізаванае фальшаваньне выбараў.

Кансэрватар Фэліпэ Кальдэрон з Партыі нацыянальнага дзеяньня атрымаў мінімальную перамогу над кандыдатам ад левага крыла Андрэсам Мануэлем Лопэсам Абрадорам. Гэта ён у сьнежні, калі скончыцца тэрмін Вісэнтэ Фокса, мае прыняць на сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы.

Перамогу Кальдэрона прызналі ўсе палітычныя сілы за выняткам Рэвалюцыйна-дэмакратычнай партыі (PRD). З кааліцыі Por el bien de todos (За дабро для ўсіх), кандыдатам якой быў Абрадор, нават выйшла партыя Convergencia, якая заакцэптавала пастанову трыбунала.

Віншаваньні пачалі прыходзіць таксама і ад замежных урадаў. Аднак выглядае на тое, што спакою ў Мэксыцы ня будзе яшчэ вельмі доўга.

Фашысты і злодзеі

Сталічнае Мэхіка, дзень абвяшчэньня рашэньня трыбунала. 53-гадовы Абрадор, былы бурмістар сталіцы, выступае на мітынгу на пляцы Канстытуцыі паміж катэдрай і даўнім прэзыдэнцкім палацам.

Каля мяне малады прадавец працаў Леніна разважае пра злачынствы «рэжыму Фокса» і запэўнівае, што змагацца будуць, бо «людзей ўжо дастаў увесь гэты бандытызм ураду». Яму зусім ня дзіка, што Абрадор, здаралася, узгадваў імя Сталіна як натхняльніка сваёй барацьбы за дэмакратыю.

Мітынг пачынаецца кароткім выступам Разарыі Ібары дэ П'едра, дэпутаткі ад Рэвалюцыйна-Дэмакратычнай Партыі. Яна абвяшчае, што PRD не дапусьціць уступленьня на пасаду прэзыдэнта Кальдэрона, а народны сход прымае гэтае рашэньне радаснымі воклічамі. Воклічы «No pasar?n!» заглушаюць словы дэпутаткі, а ў эўфарыі ўяўнай перамогі няшмат хто зьвяртае ўвагу на дождж.

Па нейкай хвіліне надыходзіць кульмінацыя праграмы – слаўная сваімі антыімпэрыялістычнымі вулічнымі відовішчамі акторка Хесуса Радрыгез абвяшчае выступ «прэзыдэнта Абрадора». «Ты не адзін!» i «Злодзеі!» крычаць людзі, a Абрадор дае перуноў фашыстоўскаму рэжыму, які ганьбіць Мэксыку і вядзе яе наўпрост да вынішчэньня.

Абрадор не прызнае заключэньня трыбуналу і кіпіць ад абурэньня на судзьдзяў, якія санкцыявалі фальшаваньне выбараў, тым самым разбураючы канстытуцыйны парадак (тут народ як у воку мгненьне лінчаваў бы прадажны трыбунал).

– Да д’ябла інстытуты дзяржавы! – крычыць ён i паведамляе, што скліканыя нa 16 верасьня народны Канстытуцыйны Сход i Дэмакратычная Канвэнцыя, якія будуць засядаць акурат на пляцы Канстытуцыі, створаць новы ўрад.

Абрадор выклікае сёньня эмоцыі, якім яго прыхільнікі ня ведаюць як даць рады. Яны стаяць уздоўж праезнай часткі і выкрыкваюць сваю злосьць у кірунку праяжджаючых машынаў. Некалькі соцень чалавек блякуюць бліжэйшую станцыю мэтро. Сьціснутыя ў колы, яны падсковаюць у рытме лёзунгаў: «Si no hay soluciоn, habrа revoluciоn!» (Калі ня знойдзеццца рашэньня, будзе рэвалюцыя).

Радасьць новаабранага

У той самы дзень на публіцы два разы паўляецца Фэліпэ Кальдэрон. Ён кажа кароткую прамову, a позным вечарам дае ў тэлевізіі сваё першае інтэрвію. Запэўнівае, што будзе шанаваць усялякія думкі і погляды, што гэта час дыялёгу і паразуменьня, бо хто зачыняе дзьверы дыялёгу, зачыняе дзьверы Мэксыцы.

Кальдэрон выказаў пашану да Абрадора за ягоную ўвагу да патрэбаў мэксыканскай бядноты. Ён ухіляецца ад крытыкі і дазваляе сабе толькі мімалётную заўвагу, што сёньня пастава Абрадора нічым не дапамагае краіне.

I толькі ў адным 43-гадовы новаабраны прэзыдэнт непахісны і рашучы – няма ніякіх сумневаў, што 1 сьнежня ён зойме пасаду.

Ягоная бесклапотнасьць крыху зьдзіўляе. Цырымонія прыходу да ўлады, да якой PRD мае намер не дапусьціць (як не дапусьціла колькі дзён таму апошняй важнай прамовы прэзыдэнта Фокса), – гэта толькі рытуал. Значна больш сур’ёзна гучаць пагрозы яе дэпутатаў, якія ўжо сёньня кажуць, што перашкодзяць Кальдэрону выконваць ўладу.

Вайна, менаваная мірам

Судзьдзі выбарчага трыбуналу праігнаравалі заклік Абрадора не кіравацца прававымі аргумэнтамі. «Гэта тое самае, – заўважае мэксыканскі сацыёляг Рогер Бартра, – калі ад тых, хто лічыць галасы, чакаць, што яны ня будуць кіравацца арытмэтыкай.

Але гэткая прырода пратэсту Абрадора – ён патрабуе не кіравацца прававымі палажэньнямі, а прыслухоўвацца да голасу народу. Народ жа – гэта ягоныя паплечнікі, якія размахваюць кулакамі на штодзённых мітынгах; усе іншыя – гэта «яны».

З гэтага паяднаньня народу з правадыром плыве ўжо славуты заклік, які выяўляе ўсю таямніцу ягонага пратэсту: «Перамога Кальдэрона маральна недапушчальная». Іншымі словамі: чорт там з гэтым падлікам галасоў, толькі ў нас ёсьць маральнае права на ўладу.

Як і кожны радыкальны рэфарматар-рэвалюцыянэр, Абрадор стварае вэрбальны сьвет, у якім словы служаць для рэтушаваньня праўды. Ягоны мірны рух грамадзкага супраціву насамрэч ёсьць маніфэстацыяй моцы і акупацыяй цэнтру гораду. Уяўныя доказы фальшаваньня выбараў абапіраюцца на хлусьню, што распаўсюджваецца сярод тых, для каго праўда нагэтулькі прыемная, наколькі яна адбівае іхныя імкненьні. Названая дэмакратычнай, канвэнцыя, якую апазыцыя склікае на 16 верасьня, – будзе спробай узурпацыі ўлады.

Як ні парадаксальна, усё гэта адбываецца тады, калі мэксыканскія левыя маюць уплыў, якога ніколі раней ня мелі. PRD – гэта другая сіла ў парлямэнце, а яе кандыдат прайграў прэзыдэнцкія выбары з адставаньнем усяго 0,1%.

Гэта магутны палітычны капітал, што зьбіраўся колькі дзясяткаў гадоў. І Абрадор, ідучы ва-банк, можа адкінуць мэксыканскую лявіцу на пару дзесяцігодзьдзяў назад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?